Кобрынская Цэнтральная Царква Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Кобрынская Цэнтральная Царква Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў – адна з найбуйнейшых пратэстанцкіх цэркваў нашай краіны і галоўная баптысцкая царква Кобрына. Храм размешчаны ў гістарычным цэнтры Кобрына па адрасе вуліца Чыгуначная, 23. У 2024 годзе Кобрынскай Цэнтральнай Царкве ЕХБ спаўняецца 100 гадоў.

Евангельскія вернікі ў Кобрыне з'явіліся на пачатку 1920-х гадоў у час Вялікага евангельскага прабуджэння, якое ахапіла ў той час Заходнюю Беларусь. Першым евангельскім прапаведнікам у Кобрыне быў Юрый Сацэвіч, які разам з Фёдарам Якімуком у 1924 годзе заснаваў евангельскую царкву. Вернікі на пачатку збіраліся ў доме Юрыя Сацэвіча на вуліцы Палявой, 35. Першае хрышчэнне ў Кобрыне, якое правёў пастар Канстанцін Ярашэвіч, адбылося 28 верасня 1924 года. Менавіта ад гэтай даты вядзе сваё летазлічэнне Кобрынская Цэнтральная Царква ЕХБ.

Кобрынская царква хутка расла і, неўзабаве, вернікі набылі ў горадзе пляц для будаўніцтва малітоўнага дома па вуліцы Чыгуначная, 15. У гэты ж час да каманды кобрынскіх служыцеляў далучыўся Ян Буковіч, які адыграў вялікую ролю ў гісторыі Кобрынскай царквы ЕХБ. У 1928 годзе было створана Аб'яднанне Цэркваў Хрыстовых евангельскага вызнання з цэнтрам у Кобрыне. На чале гэтага Аб'яднання стаў Канстанцін Ярашэвіч, а яго намеснікам быў Ян Буковіч. Сядзіба Аб'яднання Цэркваў Хрыстовых была ў Кобрыне на вуліцы Чугуначнай, 15. Цэрквы Хрыстовыя сталі даволі вялікай пратэстанцкай дэнамінацыяй, у якую ўваходзілі дзясяткі памесных цэркваў у Заходняй Беларусі.

Пасля Другой сусветнай вайны кобрынскія вернікі працягвалі сваё служэнне ва ўмовах атэістычнай палітыкі Савецкага Саюза. У час перабудовы яны атрымалі дазвол на будаўніцтва новага храма. У 1989–1993 гадах ішло будаўніцтва малітоўнага дома Кобрынскай Цэнтральнай Царквы ЕХБ па вуліцы Чыгуначная, 23. Пад кіраўніцтвам архітэктара Аляксея Андраюка і канструктара Алега Хрушча быў збудаваны прыгожы і велічны храм, у якім адначсова можа размясціцца 1400 чалавек. На сённяшні дзень Кобрынская Цэнтральная Царква ЕХБ з'яўляецца найбуйнейшай баптысцкай царквой у Беларусі.

Дата публікацыі: 07.02.2024.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць