Агульныя звесткі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Гервяты — былое мястэчка гістарычнай Віленшчыны. Сёння гэта вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Лошы. Адміністрацыйны цэнтр Гервяцкага сельсавета.

Першы пісьмовы ўспамін пра Гервяты датуецца 1434 годам. У 1563 годзе Гервяты згадваюцца як мястэчка. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў Гервяты былі ў складзе Віленскага павета Віленскага ваяводства. У 1795 годзе, пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай, мястэчка, у якім на той час было 49 двароў, апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. У XIX — пачатку XX стагоддзя Гервяты знаходзіліся ў валоданні шляхецкага роду Дамейкаў. У параўнанні з канцом XVIII стагоддзя насельніцтва мястэчка паступова змяншалася. Так, у 1885 годзе налічвалася ўсяго 20 двароў.

У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, Гервяты былі заняты нямецкімі войскамі. У 1919—1920 гадах у мястэчку гаспадарылі то польскія войскі, то Чырвоная армія. У 1920 мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а ў 1922 — у складзе Другой Рэчы Паспалітай.

У 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, мястэчка Гервяты ўвайшло ў склад БССР, дзе стала цэнтрам сельсавета Астравецкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Гервяты адна з нешматлікіх вёсак беларускай часткі Віленшчыны, дзе доўгі час захоўвалася літоўская мова і нават дзейнічала літоўскамоўная школа. А царкоўныя набажэнствы праводзіліся на літоўскай, польскай і беларускай мовах. У цяперашні час літоўская мова выйшла з шырокага карыстання.

Дата публікацыі: 20.07.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць