Будынак земскай управы ўяўляе сабой узор архітэктуры грамадзянскага стылю з элементамі класіцызму і з'яўляецца своеасаблівай візітоўкай горада. Ён знаходзіўся на вуліцы Садовай, ці Афіцэрскай (зараз гэта вуліца Савецкая).
Будынак земскай управы быў узведзены паводле адных дакументаў у 1910 годзе, паводле іншых – у 1914 годзе. На балконе будынка, які з'яўляецца ўнікальным архітэктурным помнікам грамадзянскай архітэктуры з элементамі класіцызму, знаходзіцца каваная жалезная рашотка. Гэта прыклад дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сёння тут размяшчаецца краязнаўчы музей, які займае другі паверх будынка і правае крыло на першым паверсе. Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей быў заснаваны 30 жніўня 1995 года, для наведвальнікаў адкрыты 1 верасня 1995 года. У музеі прадстаўлена некалькі экспазіцый: “Этнаграфія і побыт”, “Архітэктура і духоўная культура Сенненшчыны”, “Вечна жывое мастацтва”, “Выстава прац народных майстроў Сенненшчыны”, а таксама выстава, прысвечаная танкавай бітве пад Сянном 1941 года. На сценах музея можна пабачыць сляды ад куль і асколкаў часоў Другой сусветнай вайны. У 2008 годзе будынку былой земскай управы быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Дата публікацыі: 15.02.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму