Капліца-пахавальня Паскевічаў пабудаваная ў 1870—1889 гадах для пахавання членаў сям'і князёў Паскевічаў, якія валодалі гомельскім палацам і паркам. Уваходзіць у склад Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Капліцу-пахавальню пабудаваў Фёдар Паскевіч у 1870—1889 гадах у псеўдарускім стылі побач з Петрапаўлаўскім саборам. У 1889 годзе ў капліцы перапахавалі астанкі яго бацькоў. Сюды ж перавезлі астанкі яго дзядулі і бабулі. У гэтай жа капліцы ў 1903 годзе пахавалі і самога Фёдара Паскевіча. Падчас ваенных дзеянняў 1941—1944 гадоў капліца-пахавальня моцна пацярпела. У 1968—1975 гадах правялі рэканструкцыю, а ў 2008—2016 гадах — рэстаўрацыю капліцы. На сёння гэты архітэктурны помнік з'яўляецца часткай палацава-паркавага комплексу Румянцавых-Паскевічаў.
Нягледзячы на невялікі маштаб, архітэктар стварыў паўнавартасны па кампазіцыі будынак з вытрыманай стылістыкай. План капліцы — квадрат плошчай 30 квадратных метраў. Аб'ёмная кампазіцыя вытрымана ў духу драўляных пяцівежавых шатровых цэркваў. На паўднёвым фасадзе прыбудаваны ўваход з лесвіцай. Асаблівую маляўнічасць фасадам надаюць маёлікавыя пліткі, упрыгожаныя раслінным арнаментам. Уся архітэктура выканана ў псеўдарускім стылі.
Непасрэдна пахавальня, у якой знаходзяцца 8 прадстаўнікоў роду Паскевічаў, знаходзіцца ў склепе пад зямлёй.
Дата публікацыі: 05.01.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму