Браслаўскі музей традыцыйнай культуры


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Музей традыцыйнай культуры быў заснаваны ў 1991 годзе і называўся тады "Браслаўскі дом рамёстваў". У 1997 годзе ён быў перайменаваны ў Музей рамёстваў, а пачынаючы з 2001 года носіць назву "Музей традыцыйнай культуры".

Будынак музея знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Браслава на беразе аднаго з найбуйнейшых азёраў Беларусі — возера Дрывяты. Усяго ў музеі адна пастаянная экспазіцыя і дзве перасоўныя. Агульная колькасць экспанатаў налічвае больш за 180 адзінак і ўсе яны складаюць асноўны фонд.

На экспазіцыі прадстаўлена гісторыя пляцення, этнаграфічныя прадметы, плеценыя з розных матэрыялаў, фотаздымкі майстроў і іх працы другой паловы XX стагоддзя. Таксама прадстаўлена гісторыя будынка, пабудаванага ў пачатку XX стагоддзя, гісторыя разьбы па дрэве (экспазіцыя распавядае пра асноўныя этапы развіцця разьбы). Частка экспазіцыі прысвечаная гісторыі ткацтва, знаёміць з асноўнымі этапамі развіцця гэтага рамяства, прыстасаваннямі для апрацоўкі лёну і калекцыямі традыцыйных тканін. Цікава пададзена гісторыя ганчарства на Браслаўшчыне ад глыбокай старажытнасці да сучаснасці.

Навукова-даследчая праца, якая праводзіцца музеем, заснаваная на зборы і вывучэнні традыцыйных рамесных тэхналогій: традыцыйнай кухні Браслаўшчыны, аднаўлення традыцыйнага касцюма, мясцовых тэхналогій валяння валёнак.

У музеі праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, такія як: заняткі па традыцыйных рамёствах, накіраваныя на засваенне тэхналогій рамяства; практыкумы па традыцыйных рамёствах, якія ўключаюць у сябе выраб птушак з саломы, свістулек з гліны; майстар-класы па працы за ганчарным кругам. Адзін раз у год праводзіцца мерапрыемства "Ноч музеяў", якое знаёміць з музеем у вячэрні час. У летнія месяцы праводзяцца кірмашы рамёстваў і мерапрыемствы для моладзі.

Дата публікацыі: 09.03.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць