Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Літавец – былая вёска на тэрыторыі Дабрынеўскага сельсавета Койданаўскага раёна, знішчаная разам з жыхарамі 14 студзеня 1943 года падчас нацысцкай карнай аперацыі “Якаб”.

Вёска Літавец згадваецца ў інвентары маёнткаў князёў Радзівілаў у 1620 годзе. Затым ёй валодалі Чапскія. Да Другой сусветнай вайны гэта была невялікая лясная вёска ў Дзяржынскім раёне. На пачатак 1941 года ў Літаўцы пражывала 227 жыхароў. 

З лета 1942 года каля Літаўца дыслацыраваўся савецкі партызанскі атрад “Баявы”. 8 студзеня 1943 года на тэрыторыях, прылеглых да Станькаўскага лесу з боку Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, пачалася нацысцкая карная аперацыя “Якаб”. Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх атрадаў у паўднёвым, паўднёва-ўсходнім і ўсходнім кірунках ад Мінска, і расправа з насельніцтвам шматлікіх партызанскіх зон. Для правядзення аперацыі былі задзейнічаны баявыя часткі з фронту, удзельнічалі сілы батальёнаў СС, жандармерыі і паліцэйскія мясцовыя падраздзяленні. Шматвяковая гісторыя прыгожай лясной вёскі Літавец трагічна скончылася 14 студзеня 1943 года. Нацысты напалі на вёску і загубілі 196 жыхароў, у тым ліку 58 дзяцей, спалілі 42 двары. Пасля вайны вёска Літавец не адрадзілася. 

У 1956 годзе на магіле ахвяр нацызму быў пастаўлены помнік, а ў 1986 годзе на месцы спаленай вёскі быў пабудаваны мемарыяльны комплекс “Літавец”. Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1987 года. Ён уяўляе цэлую барэльефную кампазіцыю. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач – бэлькі, паднятыя над зямлёй. Яны сімвалізуюць рэшткі хаты, спаленай нацыстамі. Пракладзеная “вуліца” вядзе да цэнтра былой вёскі – да цэнтральнага барэльефа, дзе паказана мірнае жыццё. А побач – разбітыя вароты, ідуць карнікі, і вось-вось абарвецца жыццё мірнай вёскі. Гэтай трагедыі прысвечаны радкі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна выбітыя на барэльефе.

Каля спаленых хат пасаджаны дрэвы – сімвалы жыцця, але на адным з іх – буслінае гняздо без птушак – напамін аб трагічным лёсе вёскі Літавец.

Дата публікацыі: 25.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць