Кіраўскі мост


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/56e87f51-9896-4404-8f1f-ddead0963565.mp3

Кіраўскі мост праз Дзвіну знаходзіцца ў цэнтры Віцебска, злучае вуліцы Кірава (правы бераг) і Замкавую (левы бераг). Яго даўжыня складае 236 метраў.

Да 1860-х гадоў у Віцебску праз Дзвіну існаваў толькі драўляны мост. Ён знаходзіўся ў пачатку сучасных вуліц Талстога і Энгельса. Гараджане перабудоўвалі яго штогод пасля ледаходу і паводкі. У 1866 годзе да горада падвялі чыгунку і пабудавалі чыгуначны вакзал у правабярэжнай частцы Віцебска. Гораду стала патрэбна надзейная і пастаянная сувязь асноўнай левабярэжнай часткі з правабярэжнай часткай — Задзвіннем, дзе знаходзіўся вакзал. Такім чынам, на тым месцы дзе зараз размяшчаецца Кіраўскі мост, у 1863 годзе пачалося будаўніцтва моста паводле праекта інжынераў Эмі і Грына. Праект быў падобны да праекта моста, пабудаванага ў 1840 годзе на Сен-Жэрменскай чыгунцы. Мост быў 4-пралётным з металічнымі двухшарнірнымі аркамі на бутабетонных апорах і меў даўжыню каля 225 метраў. Мост атрымаў назву “Дзвінскі”.

Падчас Другой сусветнай вайны Дзвінскі мост разбурылі. На яго месцы ў 1955 годзе пабудавалі сучасны Кіраўскі мост. Кіраўскі мост 3-пралётны з бесшарнірнымі аркамі з маналітнага жалезабетону. Рэчышчавыя апоры — на кесонных апірышчах, берагавыя асновы — на палевых. Правабярэжная набярэжная (вуліца Ільінскага) прапушчана ў асобны пралёт. Агульная даўжыня моста складае 236 метраў. У пачатку моста, на правым беразе, усталяваныя 2 дэкаратыўныя калоны з ліхтарамі. Там жа збудаваныя сходы, якія вядуць ад набярэжнай на мост. На левым беразе ўсталяваныя 2 дэкаратыўныя тумбы. Мост асвятляюць стылізаваныя “пад даўніну” ліхтары.

Дата публікацыі: 19.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць