Пешаходная вуліца


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/cfe20288-15c0-4071-a9be-64278786cd5d.mp3

Цэнтральная пешаходная вуліца Віцебска сёння носіць імя Суворава. Яе забудова складаецца пераважна з будынкаў XVIII−XIX стагоддзяў.

Сучасная пешаходная вуліца – адна з найстарэйшых вуліц Віцебска. Да ХІХ стагоддзя яна называлася Узгорскай, пазней – Афіцэрскай, з 1900 года – Сувораўскай. Пасля ўсталявання савецкай улады была перайменавана ў Валадарскую.

У 2010 годзе вуліца стала пешаходнай. Яе працягласць – 1300 метраў. На вуліцы шмат гістарычных будынкаў. Сярод іх – гарадская ратуша XVIII стагоддзя (зараз – абласны краязнаўчы музей), былыя гандлёвыя шэрагі канца XVIII стагоддзя, былыя прыбытковыя дамы ХІХ стагоддзя, былыя гарадскія сядзібы XIX стагоддзя, камунальныя дамы ў стылі канструктывізму і іншыя славутасці.

Адзін з факультэтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта знаходзіцца ў будынку былога мужчынскага духоўнага вучылішча ХІХ стагоддзя (гэта дом № 44). Дзіцячая мастацкая школа (дом № 3) знаходзіцца ў будынку ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У гэтым будынку з 1923 па 1941 год працаваў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум, які выхаваў цэлую плеяду жывапісцаў і графікаў. У 2009 годзе на вуліцы скончылі рэканструкцыю Уваскрэсенскай царквы – унікальнага помніка эпохі барока.

Лаўкі па абодвух баках вуліцы, фантан у скверы каля ратушы, брукаванка, невялікія ўтульныя кавярні і рэстарацыі, цырульні і крамы настройваюць гараджан і гасцей да няспешных прагулак і адпачынку.

Дата публікацыі: 15.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць