Царква Уваскрэсення Хрыстова або Свята-Уваскрэсенская царква – гэта праваслаўны храм, разбураны ў 1936 годзе і адноўлены напачатку XXI стагоддзя. Царква знаходзіцца на заходнім баку Рынкавай плошчы. Помнік архітэктуры віленскага барока.
Паводле гістарычных крыніц, драўляная праваслаўная царква існавала на Рынкавай плошчы ўжо ў 1558 годзе. Яна двойчы гарэла: ў 1708 і 1733 гадах. Складалася з трох квадратных у плане зрубаў: асноўнага, алтарнага і бабінца з вежай над ім, накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі.
У 1772 годзе на месцы драўлянай царквы, побач з гандлёвымі радамі, на грошы віцебскага купца Мікалая Смыка пабудавалі ў стылі позняга «віленскага» барока мураваную ўніяцкую царкву. Галоўным фасадам царква выходзіла на плошчу ў бок Віцьбы. У 1834 годзе ўніяцкі храм перадалі праваслаўнаму ведамству. У 1841 годзе полацкі епархіяльны архітэктар склаў праект яго перабудовы ў стылі посткласіцызму, які так і не рэалізавалі. Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя ўзвялі несапраўдны псеўдарускі купал з цыбулепадобнай галоўкай. У 1913 годзе царкву адрамантавалі.
У савецкі перыяд будынак Свята-Уваскрэсенскай царквы праіснаваў да 1936 года, калі па загадзе савецкіх органаў яго ўзарвалі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь і ажыўлення сацыяльна-палітычнага і рэлігійнага жыцця, у 1992 годзе зямельны ўчастак, дзе стаяў храм і захаваліся яго падмуркі, вырашылі перадаць уніяцкай парафіі пад праект аднаўлення Свята-Уваскрэсенскай царквы. Аднак у 1996 годзе гэта рашэнне пераглядзелі і зямельны ўчастак перадалі Беларускаму экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы.
У 2001–2008 гадах вялі аднаўленча-рэканструкцыйныя работы Свята-Уваскрэсенскай царквы. Храм аднавілі ў пачатковым барочным выглядзе. Аднанефавы храм у стылі віленскага барока з паўкруглай арыентаванай на поўнач апсідай з рызніцамі па баках, якія надавалі будынку прамавугольны план. Галоўны фасад упрыгожаны дзвюма трохпавярховымі вытанчанымі вежамі і мае складаную хвалістую паверхню. Храм даволі сціплы па памерах і складаецца з аднаго нефа. Гэта абумоўлівалася, відаць, шчыльнай забудовай Рынкавай плошчы. З поўначы храм завяршаецца паўкруглай апсідай з высокім фігурным барочным франтонам і дзвюма нізкімі рызніцамі па баках. Сцены аздобленыя плоскімі пілястрамі і завершаныя прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаныя стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаюць фігурныя купалкі.
Дата публікацыі: 12.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму