Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа – прафесійны беларускі тэатр, які адкрыўся 21 лістапада 1926 года. У той час ён называўся Другім беларускім дзяржаўным тэатрам.
Тэатр быў створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі славутыя літаратары і драматургі: Янка Купала, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны. Першы спектакль паставілі па п'есе Іллі Бэна “У мінулы час”. Неўзабаве таксама падрыхтавалі спектаклі “Цар Максіміліян” Аляксея Рэмізава, “Сон у летнюю ноч” Уільяма Шэкспіра і іншыя.
У пачатку 1930-х гадоў адбываўся тэатр звярнуўся да беларускай драматургіі. Паставілі спектаклі “Модны шляхцюк” па п'есе Каруся Каганца, “Ірынка” Кузьмы Чорнага і “Пагібель ваўка” Эдуарда Самуйлёнка. Плённым стала супрацоўніцтва тэатра з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Ажыццявілі пастаноўкі “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся” Якуба Коласа, “Паўлінка” і “Прымакі” Янкі Купалы.
Падчас нямецкай акупацыі, з 1941 года, тэатр працаваў ва Уральску, а потым у Арэхаве-Зуеве. У кастрычніку 1944 года тэатр вярнуўся ў Віцебск. 21 снежня 1944 года тэатру прысвоілі імя Якуба Коласа. Адной з візітных картак тэатра стаў спектакль “Несцерка” паводле п'есы Віталя Вольскага.
У 1977 годзе тэатру прысвоілі званне акадэмічнага. А ў 1978 годзе на сцэне тэатра ўпершыню ў Беларусі рэжысёр Валерый Мазынскі ажыццявіў пастаноўку п'есы Уладзіміра Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”.
У 2001 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі, Віцебскі тэатр стаў нацыянальным. У гэты час вялікім поспехам карыстаюцца спектаклі “Шагал, Шагал…” і “Ружа ў чыстым полі”, прысвечаныя славутым віцебскім мастакам Марку Шагалу і Юдалю Пэну.
Сучасны будынак тэатра (архітэктараў А. Максімава і І. Рыскінай) пабудаваны ў 1958 годзе. Галоўным фасадам звернуты да плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Галоўны фасад – у выглядзе васьмікалоннага дарычнага порціка, завершанага трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады ўпрыгожаны рустам, пілястрамі. Задні фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка. Трох'ярусная глядзельная зала з партэрам і двума балконамі змяшчае 758 гледачоў.
Дата публікацыі: 11.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму