Гродзенская медыцынская акадэмія – першая ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медыцынскага персаналу. Існавала ў 1775–1781 гадах.
Гродзенская медыцынская акадэмія была адкрыта з ініцыятывы Антонія Тызенгаўза ў спецыяльна ўзведзеным трохпавярховым будынку, які быў спраектаваны ў стылі позняга барока італьянскім архітэктарам Джузэпэ дэ Сака. Арганізатарам і кіраўніком акадэміі быў французскі лекар і навуковец Жан Эмануэль Жылібер.
Акадэмія мела 3 аддзяленні: падрыхтоўкі «сучасных лекараў для гарадоў» (10 чалавек), падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чалавек), аддзяленне павітух (акушэрак) (17 чалавек). Навучанне адбывалася за кошт дзяржаўнага скарбу. Працавалі 5 выкладчыкаў, 2 фельчары і акушэрка. Пры акадэміі дзейнічалі: шпіталь на 60 ложкаў, анатамічны тэатр і музей, кабінет прыродазнаўства, аптэка, бібліятэка і першы на тэрыторыі Беларусі батанічны сад. За сем гадоў працы медыцынскай акадэміі падрыхтавалі некалькі дзясяткаў медыкаў і накіравалі іх на працу ў дзяржаўныя маёнткі Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля таго, як Антоній Тызенгаўз у 1780 годзе быў зняты з пасады гродзенскага старасты, Жылібер разам са сваімі вучнямі пераехаў у Вільню, а будынак акадэміі перайшоў у валоданне князёў Святаполк-Чацвярцінскіх. Пазней будынак належаў расійскаму ваеннаму ведамству. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку знаходзіліся першы і другі ўчасткі Гродзенскага суда. У часы незалежнасці ў будынку былой Гродзенскай медыцынскай акадэміі размяшчалася ваенная камендатура.
Дата публікацыі: 20.08.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму