Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы)


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Помнік беларускай паэтцы і пісьменніцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы) любяць не толькі турысты, але і жыхары Шчучына. Каля яго часта праводзяцца літаратурныя і культурныя мерапрыемствы.

Беларуская паэтка і пісьменніца Алаіза Пашкевіч (літаратурны псеўданім “Цётка”) з’яўляецца адной з заснавальніц беларускай нацыянальнай літаратуры, дзеячам беларускага нацыянальнага руху. Цётка друкавалася ў першых беларускіх газетах “Наша Доля” і “Наша Ніва”, была галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса “Лучынка”. У 1911 і 1912 гадах арганізоўвала нелегальныя беларускія школы на Віленшчыне, а ў час Першай сусветнай вайны выкладала на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Нягледзячы на дастаткова кароткі жыццёвы шлях (нарадзілася ў 1876 годзе, а памерла ў 1916 годзе), яна паспела заняць важнае месца ў гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя.

Алаіза Пашкевіч з’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”. Пісала Алаіза Пашкевіч і для дзяцей. Сярод яе твораў – “Першая чытанка для дзетак беларусаў”, а таксама перакладзеная з украінскай мовы дзіцячая чытанка “Гасцінец для малых дзетак”.

Недалёка ад Шчучына ў гарадскім пасёлку Астрына (раней тут быў маёнтак Новы Двор, дзе нарадзілася Цётка) ёсць помнік і музей Алаізы Пашкевіч. Аднак памяць славутай літаратаркі вырашылі ўшанаваць і ў Шчучыне. Аўтарам шчучынскага помніка Цётцы стаў вядомы гродзенскі скульптар Алесь Ліпень. Помнік Алаізе Пашкевіч, як і іншыя работы майстра, характарызуецца адсутнасцю напышлівасці, тонкай апрацоўкай дробных дэталяў і прыгажосцю ліній.

Дата публікацыі: 09.07.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць