Самая прыгожая вуліца Брэста


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/54cf0378-aa0e-4d36-80d1-234d2332e959.mp3

Адрэстаўраваная вуліца Савецкая стала візітнай карткай абласнога цэнтра.

Вуліца Савецкая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада. Яе працягласць складае 1,7 кіламетра, і па большай частцы яна з’яўляецца пешаходнай.

У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя вуліца была падзелена на дзве часткі: вуліцу Мільённую і Паліцэйскую. На гэтай вуліцы пражывалі заможныя месцічы-яўрэі. Невыпадкова тут размяшчалася сінагога, узведзеная ў 1862 годзе. Сёння ў гэтым будынку знаходзіцца кінатэатр «Беларусь».

У 1919 годзе, калі  Брэст апынуўся пад кантролем палякаў, вуліцы Паліцэйская і Мільённая былі перайменаваныя ў гонар ротмістра Войска Польскага Ежы Дамброўскага.

У міжваенны час на вуліцы размяшчаліся гандлёвыя рады, ювелірныя майстэрні, працаваў банк і аптэка. Аптэка была ўзведзена ў 1925 годзе ў стылі мадэрн архітэктарам Саламонам Грынбергам. Унікальнасць аптэкі Грынберга ў тым, што пры ўсіх уладах яна не мяняла свайго прызначэння.

Падчас нямецкай акупацыі (1941–1944 гадоў) вуліца Ежы Дамброўскага была перайменавана ў Генеральштрасэ. З 1944 года вуліца набыла назву Савецкая.

У пачатку вуліцы знаходзіцца адзін з карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Раней у гэтым будынку размяшчалася Аляксееўская гімназія для хлопчыкаў, пабудаваная ў 1903 годзе. У 2010 годзе недалёка ад корпуса пабудавалі аранжарэю, у якой расце каля трохсот экзатычных відаў раслін.

У 2009 годзе на вуліцы з’явіліся шматлікія малыя архітэктурныя формы, дэкаратыўныя элементы, скульптуры. Сярод іх скульптура "Стары горад”, помнік Тысячагоддзя Брэста, скульптура кажана з ліхтаром у капцюрах – сімвал таго, што ў Брэсце ніколі не наступіць цемра.

Кожны дзень на вуліцы праходзіць унікальны рытуал запальвання ліхтароў сапраўдным ліхтаршчыкам.

Дата публікацыі: 10.07.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць