Нясвіжская ратуша


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/e335db69-f292-4cad-aa66-b6caa3258e2d.mp3

Нясвіжская ратуша з'яўляецца найстаражытнейшай сярод будынкаў для органаў гарадскога самакіравання, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі.

Будаўніцтва ратушы было пачата, па меркаванні шэрагу даследчыкаў, па праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, пасля атрымання горадам Магдэбургскага права. Прывілей на Магдэбургскае права Нясвіжу падпісаў у Горадні ў 1586 годзе кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. Адначасова Нясвіж атрымаў і свой герб. Другі прывілей у тым жа годзе дараваў гораду ўладальнік Нясвіжа Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Паводле яго, гарадское кіраўніцтва было абавязанае пабудаваць “каменную ратушу”. Праз 10 гадоў ратуша была пабудавана. Першы графічны малюнак будынку дайшоў да нас праз гравюры Тамаша Макоўскага (каля 1604 года). Старадаўняя гравюра сведчыць, што на вежы размяшчаўся гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка. Будынак магістрата, пабудаваны на сродкі і высілкамі гараджан, на працягу некалькіх стагоддзяў быў для кожнага члена гарадской супольнасці галоўнай інстанцыяй для вырашэння надзённых пытанняў. У такім жа стылі ў Нясвіжы пабудаваныя і гандлёвыя рады, якія складаюцца са шматлікіх ячэек-крам. У XVII стагоддзі налічвалася 52 каменныя крамы. Паміж імі і будынкам ратушы раней былі праезды, якія закрываліся масіўнымі брамамі. Падчас Паўночнай вайны ратуша была пашкоджана агнём, яе адбудавалі ў 1752 годзе. Вялікі пажар 1836 года нанёс незваротныя страты пабудове, асабліва пацярпелі памяшканні другога паверха. Вежа зменшылася з шасці да чатырох ярусаў. Менавіта з гэтага часу і да канца XIX стагоддзя ратуша знаходзілася ў занядбаным стане. Аднак з канца XIX стагоддзя і да 1939 года ў будынку ратушы месціліся гарадская дума, павятовы старастат, паліцэйская і гарадская ўправы. Пасля Другой сусветнай вайны ў ратушы размясціўся раённы Дом культуры, а пазней дзіцячая бібліятэка. З 1997 па 2004 год у Нясвіжскай ратушы, помніку архітэктуры XVI – XVIII стагоддзяў, праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. У выніку фасады будынку набылі свой першапачатковы выгляд. Былі адноўленыя верхнія ярусы вежы. Ізноў (як і ў XVI стагоддзі) вежу ўпрыгожылі гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка. Унутраныя інтэр'еры другога паверху рэканструяваныя пад музейную экспазіцыю “Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII – першай паловы XIX стагоддзяў”.

Дата публікацыі: 27.11.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць