Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/0c6d11cb-e1b3-4006-be91-130087b28bf5.mp3

Самы знакаміты палац Беларусі – Нясвіжскі палац князёў Радзівілаў.

Першы драўляны замак быў пабудаваны ў ХVI стагоддзі і знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Старога парку. У 1583 годзе побач з ім па загадзе князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі было пачата будаўніцтва вялікага мураванага замка. Гэта збудаванне вытрымала шмат войнаў і бітваў. Аднак, у сувязі з развіццём артылерыі, роля замкаў у абарончай сістэме паступова зніжалася. У 1706 годзе падчас Паўночнай вайны яго здолеў узяць шведскі кароль Карл ХІІ. Калі Радзівілы вярнуліся ў родавое гняздо і ўбачылі разбураны шведамі замак, яны прынялі рашэнне аднаўляць яго ў якасці зручнага для пражывання палаца. Нясвіжскі палац славіўся сваёй бібліятэкай і архівам, а таксама скарбніцай, дзе, згодна з легендай, захоўваліся аздобленыя каштоўнымі камянямі скульптуры апосталаў. Аднак наступныя ваенныя ліхалецці спустошылі яго. У вайну 1812 года замак быў разрабаваны, большая частка яго скарбаў вывезена ў Санкт-Пецярбург. Тым не менш Нясвіжскі палац вярнуў сабе славу культурнага цэнтра на беларускіх землях да канца ХІХ стагоддзя. У залах палаца можна было ўбачыць бясконцыя паляўнічыя трафеі, галерэі партрэтаў князёў, карціны і габелены на сценах, рыцарскія даспехі, а ў пакоях была сабрана лепшая мэбля і гадзіннікі з усёй Еўропы. Вакол замка былі высаджаны зялёныя каралі паркаў. У ХХ стагоддзі ў ходзе савецка-польскай вайны Нясвіжскі палац некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, пакуль Рыжскі мір (1921 года) не падзяліў Беларусь на дзве часткі. Дзяржаўная мяжа была пракладзена ў 10 кіламетрах на ўсход, і Нясвіж апынуўся памежным горадам ІІ Рэчы Паспалітай. Другая сусветная вайна паставіла кропку на гісторыі роду Радзівілаў у Нясвіжы. Радзівілы назаўжды пакінулі родавае гняздо. Пасля заканчэння вайны, ужо ў БССР, у Нясвіжскім замку размясціўся санаторый. Пасля таго, як Рэспубліка Беларусь атрымала незалежнасць, было прынята рашэнне аб музеефікацыі дадзенага аб'екта. У 1993 годзе быў заснаваны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж". У 2001 годзе у Нясвіжскім палацы пачаліся рэстаўрацыйныя работы, якія цягнуліся дзесяцігоддзе. У 2012 годзе Нясвіжскі палац быў урачыста адкрыты для наведвання турыстамі. Сёння Нясвіж адзін з папулярных маршрутаў для турызму ў нашай краіне. Гэта архітэктурны, жылы і культурны комплекс, унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Дата публікацыі: 24.11.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць