Найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі.
Свой пачатак старэйшая школа Беларусі вядзе з 1617 года, калі 20 мая слуцкі князь Януш Радзівіл выдаў грамату аб заснаванні евангельскага храма і «вучылішча для навучання хрысціянскага юнацтва». Паводле тэстаменту Януша Радзівіла яго брат Крыштап спецыяльнай граматай абвясціў аб адкрыцці на базе вучылішча кальвінскай гімназіі, фундаментальны будынак для якой быў пабудаваны ў 1630 годзе. У гімназію прымалі дзяцей гараджан і шляхты, часам сялянскіх хлопчыкаў. Тэрмін навучання складаў 6-8 гадоў. Навучэнне ў гімназіі было платнай. Дзеці вывучалі польскую, лацінскую, грэцкую і нямецкую мовы, а таксама этыку, рыторыку, гісторыю, матэматыку і права. За амаль чатыры стагоддзі сваёй працы, са сцен гімназіі выйшлі многія вядомыя людзі - грамадскія дзеячы, навукоўцы, мастакі і г.д. Драўляны будынак, у якім пачала сваю дзейнасць гімназія, быў заменены каменнай пабудовай у стылі класіцызму ў 1838 годзе. На прылеглай да гімназіі тэрыторыі змяшчаліся школьны сад і драўляныя хаты настаўнікаў. У 1923 годзе ў будынку гімназіі была створана беларуская школа, дзе адзін час чытаў лекцыі па методыцы выкладання беларускай мовы Якуб Колас. Тут паэт упершыню цалкам прачытаў сваю паэму «Новая зямля». Да 1940-х гадоў побач са школай існаваў мураваны кальвінскі збор з вежай. Ён быў пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны, а пасля вайны быў разабраны на загад савецкай улады. Новы цагляны корпус для школы быў пабудаваны ў 1980 годзе. Зараз тут дзейнічае гімназія № 1 горада Слуцка.
Дата публікацыі: 26.06.2017.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму