Свята-Мікалаеўская царква


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Гісторыя Свята-Мікалаеўскай царквы налічвае некалькі стагоддзяў. Першы праваслаўны храм у Смалявічах быў узведзены пры князях Астрожскіх. З тых часоў святыня некалькі разоў знікала з плана горада і зноў адбудоўвалася.

Першы праваслаўны храм у Смалявічах быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя ўладальнікам паселішча князем Канстанцінам Астрожскім. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, князь Канстанцін Астрожскі не толькі пабудаваў у Смалявічах царкву, але даў ёй зямлю, пабудаваў дом для святара і абавязаў мясцовых прыхаджан матэрыяльна падтрымліваць новы храм.

У час распаўсюджання ўніяцтва на беларускіх землях у XVII—XVIII стагоддзях Смалявічы належалі ўжо не Астрожскім, а Радзівілам. І, хаця самі Радзівілы былі пратэстантамі, яны спрыялі таму, што Свята-Мікалаеўская царква заставалася праваслаўнай да 1745 года і толькі потым пераўтварылася ва ўніяцкі храм.

Дакументы канца XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя пацвярджаюць, што ў той час у Смалявічах існаваў храм, пабудаваны князем Канстанцінам Астрожскім. Царква была драўлянай, і яе ўпрыгожвалі тры купалы. У гэты час у храме быў арган. Пасля ліквідацыі Уніяцкай Царквы на беларускіх землях у 1839 годзе Свята-Мікалаеўская царква зноў стала праваслаўнай.

У другой палове ХІХ стагоддзя Свята-Мікалаеўская царква двойчы рамантавалася, аднак да канца ХІХ стагоддзя будынак моцна струхнеў. У выніку было прынята рашэнне пачаць збор сродкаў для пабудовы новай драўлянай царквы. Новы храм быў пабудаваны ў 1909 годзе і быў асвячоны ў гонар святога Мікалая Цудатворца.

У 20-х гадах ХХ стагоддзя царква ў Смалявічах дзейнічала, але яе святары былі рэпрэсіраваныя. А ў 30-я гады Свята-Мікалаеўскі храм закрылі і хутка знішчылі.

Сучасная мураваная Свята-Мікалаеўская царква пабудавана ў пачатку XXI стагоддзя ў незалежнай Беларусі. Яна знаходзіцца ў цэнтры горада.

Дата публікацыі: 21.04.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць