Замкавая гара


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/eeef7ed1-f659-4843-806e-d280732e6ecd.mp3

Драўляны замак знаходзіўся тут з ХІІІ да ХVIII стагоддзя.

Зараз на гары знаходзіцца помнік прыроды – гарадскі парк, закладзены ў 1780 годзе. Раней, з ХІІІ да ХVI стагоддзя, тут знаходзіўся і замак. Ён быў драўляны, складаўся з некалькіх вежаў, брам і паркана. Унутры знаходзіліся і гаспадарчыя, і жылыя пабудовы. Па перыметры замак быў аточаны ровам і валам, а з паселішчам звязваўся невялікім праходам. На працягу стагоддзяў змянілася шмат уладальнікаў Прапойскага (Слаўгарад раней меў назву Прапойск) староства. Сярод іх такія вядомыя магнацкія і шляхецкія роды, як Чартарыйскія, Солтаны, Невяроўскія, Зянковічы, Хадкевічы, Сапегі. Пры Сапегах адбылася гісторыя, звязаная з Ілжэдзмітрыямі, якія прэтэндавалі на маскоўскі трон. Адзін з такіх самазваных Дзмітрыяў з'явіўся ў Прапойскім старостве ў 1607 годзе. Самазванец быў вельмі падобны да сапраўднага Дзмітрыя – сына памерлага цара Івана Жахлівага. З гэтых мясцін Ілжэдзмітрыя выправілі на Старадуб, па дарозе распускаючы чуткі і пагалоскі, што цудам уцалелы царэвіч вяртаецца, каб прад'явіць законныя правы на маскоўскі трон. Пазней Прапойск належаў прадстаўніку расійскага роду Галіцыных. Ён пабудаваў на гэтым месцы драўляны палац, які, на жаль, не захаваўся. Акрамя палаца, Галіцыны пабудавалі ў ваколіцы горада шэраг прадпрыемстваў, сярод якіх кафляны завод. Аб якасці прадукцыі сведчыць тое, што менавіта прапойскай кафляй была аблямавана маскоўская Гранавітая палата.

Дата публікацыі: 18.05.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць