Касцёл бернардзінак


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (касцёл бернардзінак) знаходзіцца ў цэнтры Слоніма. Ён быў пабудаваны ў стылі барока ў 1664 – 1670 гадах для сясцёр ордэна бернардзінцаў, якія пераехалі з Вільні.

Касцёл бернардзінак у Слоніме быў пабудаваны на сродкі Канстанціна Юдзіцкага. Поўная назва – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1696 годзе касцёл асвяціў віленскі арцыбіскуп. Праз 70 гадоў пасля пабудовы была праведзена першая рэканструкцыя храма. У той час на беларускіх землях адбываўся росквіт архітэктурнага стылю ракако, што паўплывала на архітэктурнае аблічча касцёла бернардзінак.

Да храма быў прыбудаваны кляштар бернардзінак, які склаў з ім адзіны комплекс. Жылы корпус кляштара пачалі будаваць значна пазней за касцёл, напрыканцы XVIII стагоддзя.

Пасля пажару і аднаўлення, якое праходзіла да 1793 года, касцёл Беззаганнага Зачацця зноў адчыніў свае дзверы для вернікаў. У Расійскай імперыі падчас кіравання Аляксандра II было забаронена прымаць у кляштар бернардзінак новых манашак. Кляштар паступова пусцеў і прыходзіў у заняпад.

У 1905 годзе расійскі імператар Мікалай II дазволіў дзейнасць бернардзінак. Кляштарны комплекс быў адрамантаваны, абнесены суцэльнай мураванай агароджай з уязной барочнай брамай-званіцай. Комплекс уключае ў сябе касцёл і прыбудаваны да яго з паўднёва-заходняга боку жылы корпус, што ўтварае ўнутраны двор-карэ. У 1914 годзе ў жылым корпусе размясціліся медыцынскія ўстановы.

Падчас Другой сусветнай вайны згарэў галоўны купал касцёла. У савецкі час улады зруйнавалі кляштарную браму, помнік архітэктуры віленскага барока. У незалежнай Беларусі кляштарная брама была адбудавана ў змененым выглядзе.

Дата публікацыі: 16.05.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць