Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/6abef344-13c1-4391-8346-80fd97b04e33.mp3

Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў — галоўны праваслаўны храм горада Магілёва, помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя.

Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў названы ў гонар трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Яна Залатавуснага. Закладка першага каменя храма адбылася ў 1903 годзе. Яго ўзвядзенне працягвалася 11 гадоў, праходзіла пад наглядам губернскага архітэктара. У 1914 годзе будаўніцтва завершылі. Храм пабудаваны ў форме крыжа і завершаны сямю купаламі. Падчас Першай сусветнай вайны і знаходжання ў Магілёве стаўкі расійскага галоўнакамандавання храм часта наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II.

З перапынкамі храм дзейнічаў да канца 50-х гадоў ХХ стагоддзя. У тым ліку ён быў адкрыты для вернікаў у часы нацысцкай акупацыі. У 1961 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі знеслі званіцу, купалы, крыжы, а сам сабор Трох Свяціцеляў закрылі. Будынак прыстасавалі пад заводскі клуб. У памяшканні пад музыку духавога аркестра сталі ладзіць танцавальныя вечары, а потым адкрылі гарадскую дыскатэку “Рэзананс”.

Падчас перабудовы, у канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя, адбылося адраджэнне духоўнага жыцця. 25 снежня 1989 года храм Трох Свяціцеляў зноў асвяцілі і адкрылі. Таксама з 1989 года па дабраславенні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Максіма пры храме заснавалі сястрынства. Сёння храм з'яўляецца цэнтрам праваслаўнага жыцця ў Магілёве.

Над уваходам у храме размесцілася званіца. Гэты будынак выкананы ў псеўдарускім стылі, у яго можна ўвайсці з трох бакоў — яшчэ адна адметная рыса будынка, звязаная з назвай храма.

Дата публікацыі: 30.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць