Стадыён “Спартак”


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Шматфункцыянальны стадыён “Спартак”, з’яўляецца хатняй арэнай для магілёўскага футбольнага клуба “Дняпро”. Змяшчальнасць стадыёна складае 7 350 месцаў.

У 1951 годзе ў цэнтры Магілёва была вылучана пляцоўка для будаўніцтва спартыўнага аб’екта. У канцы 1954 года на гэтым месцы пачаў будавацца стадыён “Спартак”. А ўжо ў траўні 1956 года новы спартыўны аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю. З 1960 года ён стаў хатняй арэнай магілёўскай футбольнай каманды “Хімік” (цяпер “Дняпро”). У 1967 годзе стадыён быў абсталяваны жалезабетоннай трыбунай на 5 000 чалавек. На пачатку 1980-х гадоў у структуры стадыёна з’явіліся апранальні для футбалістаў, прэс-цэнтр, табло. Колькасць месцаў для гледачоў павялічана да 12 000. З 1992 года стадыён “Спартак” стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе.

 У 1999–2000 гадах праходзіў першы этап рэканструкцыі спартыўнай арэны, падчас якой быў праведзены капітальны рамонт усіх трыбун, апранальняў, прэс-цэнтра і медпункта. Таксама былі адрамантаваны спартыўная зала і лёгкаатлетычны манеж. На трыбунах былі ўсталяваныя пластыкавыя сядзенні, у выніку чаго змяшчальнасць стадыёна скарацілася да 7 350 месцаў.

Другі этап рэканструкцыі праходзіў у 2008–2009 гадах. За гэты час на футбольным полі  быў укладзены новы газон, устаноўлены падагрэў і новая дрэнажная сістэма, перароблена сістэма арашэння. Былі абсталяваны сектары для скачкоў у даўжыню і для штурхання ядра. На паўднёвай трыбуне было ўсталявана сучаснае электроннае табло, а над заходняй трыбунай быў узведзены дах.

Дата публікацыі: 23.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць