Музей Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Музей Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі быў адкрыты 24 снежня 1982 года. Гэта першы ў Беларусі мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці мастака. Дом, у якім нарадзіўся мастак, у невялікім сяле Крынкі каля Бялыніч, не захаваўся. Таму было прынята рашэнне адкрыць музей у Магілёве.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (гады жыцця – 1872–1957) – вядомы беларускі жывапісец-пейзажыст, які развіваў традыцыі лірычнага пейзажа і намаляваў больш за 200 карцін з выявамі веснавой прыроды. Музей Бялыніцкага-Бірулі быў адкрыты як філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Ён размешчаны ў двухпавярховым мураваным асабняку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVII стагоддзя. Экспазіцыя музея знаёміць наведнікаў з жыццём і творчасцю знакамітага беларускага мастака. Фонд музея налічвае 114 твораў жывапісу, 39 прадметаў этнаграфіі і побыту, 81 адзінку фотаматэрыялаў і іншыя артэфакты. Агульная плошча музея складае 712 квадратных метраў.

На першым паверсе прадстаўлена мемарыяльная частка экспазіцыі. Сярод экспанатаў дакументы, фотаздымкі мастака і яго сям’і, асабістыя рэчы: эцюднік, палітра, пэндзлі і іншыя прадметы. У музеі захоўваецца медаль, якім была адзначана карціна “Зімовы сон” на выстаўцы ў Барселоне ў 1911 годзе, дыпломы, віншавальныя адрасы найбуйнейшых майстроў выяўленчага мастацтва; выданні, прысвечаныя творчасці мастака.

На другім паверсе змешчаны жывапісныя творы і эцюды Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У экспазіцыі прадстаўлены работы з выявамі помнікаў драўлянага дойлідства, памятных мясцін, звязаных з жыццём знакамітых людзей. Адно з цэнтральных месцаў займае твор Вітольда Бялыніцкага-Бірулі “Беларусь. Зноў зацвіла вясна”, намаляваны ў 1947 годзе.

У мансардзе музея знаходзіцца выставачная зала, дзе адбываюцца выстаўкі выяўленчага мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Саюза мастакоў Беларусі, а таксама ладзяцца выставы дзіцячай творчасці.

Дата публікацыі: 15.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць