Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/c0543a2c-7d50-4a3a-8688-59d5c93418a6.mp3

Адным з заснавальнікаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея з'яўляецца вядомы беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Еўдакім Раманаў.

Гісторыя музейнай справы ў Магілёве бярэ свой пачатак з 15 лістапада 1867 года, калі пры губернскім статыстычным камітэце быў заснаваны Магілёўскі музей. У 1878 годзе ў музеі меліся тры аддзелы: гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны. Асновай іх стала калекцыя сельскагаспадарчых і этнаграфічных вырабаў. У губернскім музеі налічвалася каля 1500 экспанатаў. Сярод іх – прывілеі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх Жыгімонта III і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя, сані Напалеона і іншыя цікавыя артэфакты.

18 снежня 1904 года ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё царкоўна-археалагічнага музея. Яго стварыў вядомы беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Еўдакім Раманаў. Першыя паступленні былі з манастыроў і цэркваў: Бібліі, богаслужэбныя кнігі, абразы, царкоўныя рэчы. Некаторыя экспанаты мелі вялікую мастацкую і гістарычную вартасць. Архіў музея налічваў 4000 адзінак захавання. Вялікую яго частку складалі матэрыялы археалагічных раскопак, якія праводзіў сам Еўдакім Раманаў. Размяшчаўся музей у будынку былога Бернардынскага касцёла, які не захаваўся.

У 1918 годзе Магілёўскі і Магілёўскі царкоўна-археалагічны музеі аб'ядналі ў адзін – губернскі, пазней ён атрымаў назву "гістарычны". Музей праводзіў вялікую збіральніцкую і даследчую работу, у 20-х–30-х гадах ХХ стагоддзя пры музеі існавала краязнаўчая суполка, розныя гурткі. У 1928–1929 гадах у Магілёўскі гістарычны музей паступілі каштоўнасці, якія ўваходзілі ў склад дзяржаўнага антыкварнага фонду СССР: вырабы з каштоўных металаў і камянёў, абразы, карціны, кнігі. Самай унікальнай каштоўнасцю гэтай калекцыі быў крыж Ефрасінні Полацкай – нацыянальная рэліквія беларусаў.

У часе нацысцкай акупацыі беларускі Магілёўскі гістарычны музей па вуліцы Ленінскай і яго філіял па вуліцы Віленскай згарэлі разам з экспанатамі. Каштоўнасці, якія захоўвалі ў пакоі-сейфе ў будынку абласнога кіраўніцтва камуністычнай партыі на вуліцы Міронава, зніклі, у тым ліку і крыж Ефрасінні Полацкай. Такім чынам, усе музейныя калекцыі, якія збіралі з 1867 па 1941 год, былі знішчаны або зніклі.

Толькі ў 1949 годзе работу музея аднавілі. Дапамогу экспанатамі аказвалі музеі Ленінграда і Масквы. 1 студзеня 1951 года адкрылі першую экспазіцыю "Вайна і пасляваеннае будаўніцтва". У ліпені 1961 года музей атрымаў уласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы. З 1977 года па ліпень 1990 года музей закрылі на капітальны рамонт.

На сёння ў музеі больш за 20 калекцый: археалогіі, нумізматыкі (каля 30 тысяч манет Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Маскоўскай Дзяржавы, Прусіі, Сілезіі і іншых дзяржаў), ваенных даспехаў, крыжоў XI–XVII стагоддзяў, зброі XIV–XIX стагоддзяў, друкаваных выданняў, жывапісу XVIII стагоддзя, дакументаў, фалерыстыкі і гэтак далей. Сярод рэдкіх экспанатаў сустракаюцца ўпрыгожанні, берасцяная грамата XIII стагоддзя, кнігі Магілёўскай друкарні 1616–1713 гадоў, катэхізісы XVIII–XIX стагоддзяў і іншыя ўнікальныя рэчы.

Дата публікацыі: 15.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць