Архірэйскі палац


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Архірэйскі палац — помнік архітэктуры позняга барока з элементамі ранняга класіцызму. Узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя для архіепіскапа Георгія Каніскага па праекце знакамітага віленскага архітэктара Ёгана Глаўбіца.

Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, з якім разам з будынкам духоўнай семінарыі складаў адзіны архітэктурны комплекс. Палац быў пабудаваны ў глыбіні квартала на высокім беразе Дняпра. Першапачаткова ў будынку размяшчалася вялікая колькасць пакояў, сярод якіх галоўнае месца было адведзена прасторнай зале для прыёмаў. На другім паверсе размяшчаўся ўласны пакой Георгія Каніскага, а таксама бібліятэка. Трэці паверх складаўся ў асноўным з невялікіх памяшканняў – пакояў для прыслугі і наведвальнікаў праваслаўнага епіскапа.

На сёння палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў.

На будынку знаходзіцца памятная шыльда, на якой напісана: «У гэтым доме жыў і працаваў у 1785–1795 гг. вядомы дзеяч культуры ўсходніх славян, асветнік, пісьменнік і палітык – архіепіскап Георгій Каніскі». Сёння ў будынку былога палаца знаходзіцца музей гісторыі горада Магілёва.

Дата публікацыі: 15.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць