Этнаграфічны комплекс “Млын”


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/39dec017-91a0-42f6-a1fb-947102a393de.mp3

Этнаграфічны комплекс “Млын” — аб’ект гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Паравы млын у Заслаўі — унікальны помнік мукамольнай вытворчасці пачатку XX стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі заможнага жыхара горада Мяхедка-Савіцкага і ўяўляе сабой драўляны трохпавярховы будынак. Спачатку млын працаваў ад моцы паравога рухавіка, так званага лакамабіля, на драўляным паліве. Каля 80 гадоў млын паслухмяна служыў заказчыкам, аднак з цягам часу яго рэсурс быў вычарпаны. Пасля рэстаўрацыі ў 1990 годзе ён стаў цэнтральным аб’ектам этнаграфічнага комплексу гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Побач з млынам размешчаны музей “Хата завозніка”, на тым самым месцы, дзе яна стаяла ў пачатку ХХ стагоддзя. У памяшканнях узноўлены тагачасны інтэр’ер. У сенцах знаходзяцца невялікая печ, вуглавая шафа, паліцы з керамічным, медным і латуневым посудам, стол з самаварам, падвесны рукамыйнік. На сценах вісяць бурносы (зімовая вопратка з саматканага сукна), а таксама прыстасаванні конскай вупражы. У белым пакоі знаходзяцца кафляная печ, палаці з сеннікамі, канапа і нямецкі маятнікавы гадзіннік, на покуці — абвіты ручніком абраз, падлога заслана дашчаным памостам, сцены атынкаваны і пабелены.

Таксама ля млына знаходзіцца драўляны свіран (пабудова, якую выкарыстоўвалі для захавання прадуктаў і побытавых рэчаў), які стаіць на каменным падмурку. Яго галоўны фасад уяўляе сабой галерэю з балконам, парэнчы ўпрыгожаны разьбой. Унутры, уздоўж сцен, цягнуцца засекі для збожжа.

Састаўной часткай музейнага комплексу з’яўляецца музей “Кузня”, размешчаны ў будынку, перавезеным з вёскі Камень Валожынскага раёна. Інтэр’ер складаецца з горна, мяхоў, калоды з аднарогім кавадлам, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструментаў: малаткоў, абцугоў. Побач з кузняй — загон для коней. Тут жа на зямлі ляжыць жорнападобны камень, прыстасаваны для набіўкі на драўляныя колы калёс жалезных абручоў.

Дата публікацыі: 05.03.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць