Свята-Успенскі кафедральны сабор


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/906c5c8b-3cd7-4cbd-a3f5-ea24c9d0353f.mp3

Свята-Успенскі сабор у Віцебску стаіць на Успенскай горцы. Ён быў пабудаваны ў стылі віленскага барока. Пры пабудове за ўзор быў узяты храм Сан-Карла-аль-Корса ў Рыме.

Першыя звесткі пра царкву, якая існавала на Успенскай горцы, адносяцца да 1406 года. Пасля забойства ўніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, у першай траціне XVII стагоддзя, храм быў разбураны.

У 1682 годзе збудавалі новы драўляны храм, фундатарам якога стаў віцебскі падкаморы Кісель. У тым жа годзе пры храме заснавалі базыльянскі манастыр. У 1708 годзе, падчас Паўночнай вайны, рускі цар Пётр I загадаў спаліць Віцебск. Гэта была помста за грашовую падтрымку, якую жыхары горада аказалі каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, які быў саюзнікам шведскага караля Карла XII.

У 1715–1743 гадах на сродкі Мірона Галузы паводле праекта Язэпа Фантана ўзвялі каменны храм у стылі позняга барока з трохпавярховым манастырскім корпусам. Пры манастыры дзейнічала школа і філасофскія студыі для манахаў, дзе вывучалі логіку, фізіку і іншыя навукі. 18 ліпеня 1799 года на загад расійскага імператара Паўла I царкву перадалі праваслаўнаму ведамству. У 1913 годзе Імператарская археалагічная камісія дала дазвол на рэстаўрацыю храма, залічыўшы яго да каштоўных культурна-гістарычных помнікаў.

У адпаведнасці з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады, якую праводзілі ў БССР, Успенскі храм у 1937 годзе ўзарвала сапёрная брыгада пад камандаваннем Пятра Грыгарэнкі (значна пазней ён стаў вядомым савецкім дысідэнтам, сябраваў з акадэмікам Андрэем Сахаравым). 26 верасня 1998 года патрыярх Алексій II заклаў першы камень і капсулу з памятнай граматай на месцы аднаўлення Успенскага сабора. У чэрвені 2000 года пачалі аднаўленчыя працы, якія скончылі ў 2010 годзе. Свята-Успенскі сабор аднавілі паводле першапачатковых узораў у стылі віленскага барока.

Дата публікацыі: 19.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць