Любавіцкая сінагога


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/c8171078-3131-4f00-a2a3-8dbd8741105d.mp3

Любавіцкая сінагога – гэта адзіны ўзор аўтэнтычных габрэйскіх малітоўных пабудоў пачатку ХХ стагоддзя ў Віцебску.

Любавіцкую сінагогу ў Віцебску пабудавала хасідская грамада горада на Ільінскай вуліцы ў пачатку ХХ стагоддзя. У гэты час габрэі складалі больш за палову жыхароў горада, сам жа Віцебск уваходзіў у дзясятку гарадоў Расійскай імперыі з самым шчыльным габрэйскім насельніцтвам.

Першая сінагога з’явілася ў Віцебску ў XVII стагоддзі. Паступова Віцебск стаў адным з самых буйных цэнтраў хасідызму на тэрыторыі Беларусі. На пачатку ХХ стагоддзя колькасць габрэйскіх малітоўных дамоў дасягнула паўсотні і ў асноўным яны былі драўляныя.

Любавіцкая сінагога была адна з трох самых буйных і каменных. Будынак сінагогі быў двухпавярховы і прамавугольны ў асноўным аб’ёме. Над цэнтральным уваходам знаходзілася надбудова. Па архіўных звестках гэты малітоўны дом наведваў бацька Марка Шагала, сям’я мастака пражывала на суседняй вуліцы.

Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі Любавіцкую сінагогу, як і астатнія, закрылі. З 1923 года ў яе будынку знаходзіўся аэраклуб, а пазней – Дом культуры. Падчас Другой сусветнай вайны былую сінагогу выкарыстоўвалі як склад. Пасля ваенных падзей будынак захаваўся ў вельмі пашкоджаным выглядзе і быў закінуты.

Любавіцкая сінагога – гэта адзіны ўзор аўтэнтычных габрэйскіх малітоўных пабудоў у Віцебску. Зараз будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Ад яго першапачатковага аблічча захаваліся толькі сцены, фасад і часткова перакрыцці. Работы па аднаўленні сінагогі ніхто не вядзе, але гэта не перашкаджае тым, хто цікавіцца яўрэйскай культурай і асаблівасцямі архітэктуры, прыехаць, паглядзець будынак, ацаніць яго гістарычную каштоўнасць і значнасць.

Дата публікацыі: 15.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць