Ашмяны. Электрастанцыя


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Першая гідраэлектрастанцыя ў Ашмянах была пабудавана ў 1918 годзе.

Электрастанцыя ў Ашмянах была пабудавана напрыканцы Першай сусветнай вайны. У 1918 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады перавезлі яе з ракі Лоша і ўсталявалі на месцы драўлянага млына, які быў знішчаны ў час баявых дзеянняў. У 1919 годзе, калі Ашмяны занялі палякі, электрастанцыя была ў рабочым стане, але не працавала з-за адсутнасці змазачных матэрыялаў. У 1936 годзе ашмянская электрастанцыя ўваходзіла ў лік 5 электрастанцый Ашмянскага павета. Акрамя яе, электрастанцыі працавалі пры дражджавым заводе ў Ашмянах, у Гальшанах, у Смаргоні, у Солах.

Будынак гарадской гідраэлектрастанцыі, які захаваўся да нашых дзён (каля Барунскага маста, на левым беразе Ашмянкі), быў пабудаваны ў 1927 годзе. У 1931 годзе на электрастанцыі была ўстаноўлена новая турбіна, працягласць ліній склала больш за 9 кіламетраў.

У гады Другой сусветнай вайны гарадская электрастанцыя была пашкоджана нязначна. Працавала гідраэлектрастанцыя да красавіка 1959 года. 

На сёння ў будынку былой гідраэлектрастанцыі размясцілася кавярня пад назвай «Млын».


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць