Самая “гістарычная” плошча Гродна


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/99ed1402-5f5e-417d-90ad-818e0ead078e.mp3

Самая “гістарычная” плошча Гродна – Савецкая плошча – адна з галоўных плошчаў у цэнтральнай частцы Гродна. Размешчана на стыку вуліц Савецкай, Кірава, Карла Маркса, Стэфана Баторыя, Маставой, Замкавай, Калючынскай і Кастрычніцкай. Раней плошча мела назвы “Стары Рынак”, “Ратушная”, “Парадная”, “Саборная”, “Стэфана Баторыя”, “Кірхенпляц”.

Пасля таго як у 1376 годзе Гродна стала ўладаннем вялікага князя Вітаўта, горад перажыў эканамічны росквіт. У 1389 годзе Вітаўт заклаў драўляны касцёл на заходнім баку плошчы, а сама плошча аказалася звязанай з дзядзінцам вуліцы Замкавай, і на ёй размясціўся рынак. Рынак, які меў квадратную форму, стаў цэнтрам грамадскага жыцця і гандлю. У 1513 годзе на плошчы пабудавалі Ратушу – цэнтр гарадскога самакіравання.

Наступны этап развіцця плошчы звязаны з дзейнасцю караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй. У 1586 годзе замест драўлянага будуюць каменны касцёл, а на ўсходнім баку плошчы ў 1580 годзе быў пабудаваны палац Стэфана Баторыя.

Падчас вайны з Расіяй 1654–1667 гадоў горад разрабавалі расійскія войскі. Аднаўленне пачалося толькі ў канцы XVII стагоддзя, калі на паўднёвым баку плошчы пабудавалі палац Радзівілаў, а палац Стэфана Баторыя перабудавалі ў палац Бжастоўскіх.

На пачатку XVIII стагоддзя насупраць фарнага касцёла Вітаўта пабудавалі езуітскі касцёл, а побач з ім будынак езуіцкай аптэкі. Абодва будынкі захаваліся амаль без зменаў. Сама плошча была выбрукавана, а каля ратушы выкапаны калодзеж.

У 1803 годзе на тэрыторыі езуітскага кляштара расійскія ўлады размясцілі казармы і турму. У 1806 годзе фарны касцёл Вітаўта перабудавалі ў праваслаўны Сафійскі сабор (паўторна перабудоўвалі ў псеўдарускім стылі ў 1889 годзе). У 1807 годзе паміж будынкам ратушы і паўднёвым бокам плошчы заклалі сквер з фантанам, рысы якога захаваліся і цяпер. У 1880-х гадах на паўночным баку плошчы быў узведзены дом купца Мураўёва ў стылі мадэрн.

Пасля падпісання падзелу Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй у 1921 годзе Гродна апынулася ў складзе Польшчы. У выніку, Сафійскі сабор стаў гарнізонным касцёлам і быў перабудаваны ў гатычным стылі.

У час Другой сусветнай вайны быў моцна пашкоджаны паўднёвы бок плошчы. Будынкі ратушы і палаца Раздівілаў былі страчаны. У савецкія часы знеслі флігель палаца Стэфана Баторыя і будынкі на паўночным баку плошчы. У 1958 годзе на заходнім баку плошчы збудавалі Палац культуры тэкстыльшчыкаў. А 29 лістапада 1961 года ўзарвалі фарны касцёл Вітаўта, на месцы якога так нічога і не пабудавалі, і цяпер там знаходзіцца сквер.

У незалежнай Беларусі плошча была добраўпарадкавана і з’яўляецца адной з галоўных турыстычных мясцінаў горада над Нёманам.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць