Вялікая харальная сінагога


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/6600bbcd-ffad-40b8-b705-11ee44d32b88.mp3

Вялікая харальная сінагога або Галоўная сінагога — унікальны помнік архітэктуры, адна з буйнейшых сінагог Еўропы. Яе гісторыя бярэ пачатак у XVI стагоддзі.

Першая мураваная сінагога ў Гродне была пабудавана ў 1575—1580 гадах па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы. Яго запрасіў гарадзенскі рабін Мардахай Яфэ. Аднак у 1617 годзе сінагога згарэла разам з усім габрэйскім кварталам. Кароль Польскі і Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонт III дазволіў гарадзенскім габрэям пабудаваць новы мураваны храм. Ён быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя. У 1899 годзе ў габрэйскім квартале адбыўся чарговы пажар, у выніку якога будынак сінагогі быў моцна пашкоджаны. У пачатку XX стагоддзя сінагогу адбудавалі ў стылі мадэрн з элементамі маўрытанскага стылю.

Вялікая харальная сінагога была закрыта ў 1940 годзе ў рэчышчы савецкай антырэлігійнай палітыкі. У будынку адкрылі кааператыўны тэхнікум. З пачаткам нямецкай акупацыі будынак сінагогі разрабавалі нацысты і пачалі выкарыстоўваць для збору габрэяў перад адпраўкай у канцлагер ці перад расстрэламі.

У пасляваенны час да будынка сінагогі мясцовым уладам не было справы. Яго не рамантавалі і выкарыстоўвалі ў якасці склада харчовага камбіната, а потым для мастацкіх майстэрняў. У 1991 годзе гістарычны будынак перадалі мясцовым габрэям. Іўдзейская грамада Гродна цалкам аднавіла і адрэстаўравала сінагогу. На сёння Вялікая харальная сінагога з'яўляецца дзеючым храмам. Акрамя гэтага, у яго сценах знаходзіцца Музей гісторыі габрэяў Гродзеншчыны.

Дата публікацыі: 19.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць