Новалукомль. Лукомльская дяржаўная раённая электрастанцыя


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

На ўездзе ў горад стаіць велічная Лукомльская ДРЭС – самая магутная, да пабудовы АЭС у Астраўцы, электрастанцыя ў Беларусі. Будынкі ДРЭС з’яўляюцца прыкладам прамысловай архітэктуры.

Будынкі Лукомльскай ДРЭС пабудаваны паводле праекта Рыжскага аддзялення інстытута “Цеплаэлектрапраект”. Першы энергаблок быў уведзены ў дзеянне ў снежні 1969 года.

Галоўны вытворчы корпус складаецца з трох прамавугольных у плане аб’ёмаў (машыннае, дэаэратарнае і кацельнае аддзяленні). Будынак ДРЭС вырашаны ў сучасных формах прамысловай архітэктуры. Гарызантальнае чляненне сценавых і светлавых панэляў забяспечвае прастату вырашэння фасадаў і падкрэслівае каркасна-панэльную структуру будынка. Да тарца галоўнага корпуса пры дапамозе пераходнай галерэі далучаны аб’ём аб’яднанага дапаможнага корпуса. У ім размешчаны адміністрацыя, бытавыя памяшканні, медпункт і сталоўка.

Тры трубы вышынёй 250 метраў і дыяметрам каля вусця 6,5 метраў завяршаюць аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю комплексу, з’яўляюцца яго вертыкальнымі дамінантамі.

У 2002 годзе пачалася мадэрнізацыя асноўнага абсталявання электрастанцыі (энергаблокаў і турбін). Пасля мадэрнізацыі магутнасць Лукомльскай ДРЭС павялічылася да 2889 мегават. Выпрацоўка электраэнергіі Лукомльскай ДРЭС складае 50% ад выпрацоўкі ўсёй энергасістэмы Беларусі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць