Мінск. Курапаты


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Курапаты – гэта лясное ўрочышча на паўночна-усходняй ускраіне Мінска, дзе знаходзяцца масавыя пахаванні людзей, расстраляных падчас сталініскіх рэпрэсій у канцы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў.

У 1988 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва” быў апублікаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаы – дарога смерці”. Змест артыкула стаў шокам для беларускага грамадства: выявілася, што каля Мінскай кальцавой дарогі ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч забітых савецкімі карнымі органамі суайчыннікаў. Расстрэлы праводзіліся тут у 1937—1941 гадах.

Як вынік публікацыі ў газеце “Літаратура і мастацтва”, Генеральнай пракуратурай БССР была ўзбуджана крымінальная справа і распачата следства. Было ўстаноўлена, што Курапаты з’яўляюцца адным з найбуйнейшых месцаў пахавання ахвяр сталінскага рэжыму на тэрыторыі былога СССР. Паводле розных ацэнак у лясным масіве пад Мінскам скончылі свой жыццёвы шлях ад 30 да 102 тысяч жыхароў Беларусі.

З 1993 года ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.

У памяць ахвяр рэпрэсій у Курапатах усталяваны сотні крыжоў, якія прыновозілі сюды людзі з усіх куткоў Беларусі. Узнік сапраўдны народны мемарыял.

 6 лістапада 2018 года ў Курапатах быў усталяваны помнік ахвярам сталінскага тэрору. Ён уяўляе сабой чатыры слупы, якія ўверсе злучаныя канструкцыяй, падобнай да крыжа. Паміж гэтымі слупамі падвешаны звон. Немагчыма вызначыць імёны расстраляных, але усе яны былі сынамі, дочкамі, братамі, сёстрамі, бацькамі, дзядулямі, бабулямі. Таму менавіта гэтыя словы напісаны на помніку на чатырох дзяржаўных мовах даваеннай БССР – на беларускай, рускай, ідыш і польскай.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць