Мінск. Дзіцячая чыгунка


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/c1bc873c-67e4-4bb4-b112-6d6c7e2d55ec.mp3

Дзіцячая чыгунка не толькі ўстанова адукацыі, але і сапраўднае транспартнае прадпрыемства.

Дзіцячая чыгунка адрозніваецца ад вялікай магістралі толькі даўжынёй (4 кіламетры) і шырынёй палатна – 75 сантыметраў, што ўдвая менш за «дарослы стандарт». Аднак галоўнае адрозненне ў тым, што машыністамі, праваднікамі, дыспетчарамі тут з'яўляюцца падлеткі.

Гісторыя Дзіцячай чыгункі ў Мінску пачалася 9 ліпеня 1955 года. Гэта была не першая сталёвая магістраль для дзяцей у БССР. Яе папярэдніца з'явілася ў 1936 годзе ў Гомелі, але была разбурана ў час Другой сусветнай вайны. У пасляваенны час яе вырашылі не аднаўляць, а пабудаваць новую ў беларускай сталіцы.

За аснову дзіцячай чыгункі ў Мінску ўзялі вузкакалейку, якая была пабудаваная падчас акупацыі немцамі для вывазу драўніны з парка Чалюскінцаў. З 1955 года па шляхах курсіраваў паравоз Кп, а таксама 6 вагонаў з дрэва. У 1967 годзе па Дзіцячай чыгунцы ездзілі ўжо 2 цеплавозы з суцэльнаметалічнымі вагонамі. У 2005 годзе ў гонар паўвекавога юбілею Дзіцячай чыгунцы падарылі 6 адрамантаваных вагонаў. А ў 2008 годзе набылі новы цеплавоз.

Першыя станцыі Дзіцячай чыгункі называліся «Парк культуры» і «Сасновы бор». У 1971 годзе станцыю «Парк культуры» перайменавалі ў «Заслонава».

Дзіцячая чыгунка працуе з мая па верасень. На ёй размешчаны тры станцыі. Заслонава – гэта адпраўная і канцавая станцыя, дзе ў цеплавоз садзяцца і выходзяць пасажыры. Піянерская – гэта станцыя з тэхнічным ухілам, дзе размешчана рознае абсталяванне, пульты кіравання чыгуначнымі сігналамі і стрэлкамі. А Сасновы бор – гэта прыпыначны пункт, дзе пасажыры могуць выйсці, палюбавацца прыродай і працягнуць прагулку на наступным цягніку.

У 2009 годзе пры Дзіцячай чыгунцы адкрыўся навучальны цэнтр. У ім знаходзяцца гістарычны і профільныя класы, а таксама цалкам абсталяваны ўсім неабходным кампутарны кабінет.

 

 


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць