Адна з галоўных рэзідэнцый славутых родаў Хадкевічаў і Сапегаў – гэта старажытны Быхаўскі замак.
На стромкім беразе Дняпра стаіць Быхаўскі замак. Гэтая некалі велічная магнацкая рэзідэнцыя была ўзведзена яшчэ ў XVI стагоддзі, калі тут гаспадарыў магнацкі род Хадкевічаў. Аднак менавіта наступныя ўладальнікі Быхава – Сапегі, ператвараюць гэты падняпроўскі горад ва ўмацаванаю і непрыступную фартэцыю. Каменны замак у стылі Рэнесанс быў узведзены на пачатку XVIІ стагоддзя. У цэнтры замкавага двара быў пабудаваны двухпавярховы палац, накрыты чырвоным дахам і ўпрыгожаны ляпнінай. У замку змяшчаліся пакоі ды парадныя залы, уваход у якія вёў праз галерэю. .Сярэдзіна галоўнага корпуса з боку знешняга фасаду была адзначана высокай дазорнай вежай. Унутраны палацавы фасад быў прадстаўлены двух’яруснай аркадай. Акрамя палацавай пабудовы ў комплекс уваходзілі казармы. Замкавы двор быў абведзены земляным валам з бастыёнамі, якія спярша былі абмураваныя. У замак вялі дзве каменныя брамы ўрэзаныя ў валы. Вакол вала знаходзіўся роў. У XVIІ стагоддзі Быхаўскі замак быў адной з галоўных фартэцыяў не толькі Сапегаў, але і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. У замку пры Сапегах заўсёды ўтрымлівалася вялікая колькасць жаўнераў, было дастаткова зброі, артылерыі і ежы. У выніку ён вытрымаў больш чым трохгадовую аблогу маскоўскіх войскаў падчас вайны 1654–1667 гадоў, і быў захоплены толькі праз здраду. У XVIІІ стагоддзі пачынаецца заняпад замка. У ХІХ стагоддзі ён быў перабудаваны і выкарыстоўваўся пад казармы. На сённяшні дзень у моцна пашкоджаным стане захаваўся будынак палацу, дзве абарончыя вежы і фрагменты валоў і рвоў.
Дата публікацыі: 14.06.2017.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму