Крэўскі замак


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Руіны Крэўскага замка з’яўляюцца адным з найбольш прывабных турыстычных месцаў Беларусі.

Крэўскі замак – адзін з найстарэйшых беларускіх замкаў, які быў пабудаваны ў пачатку XIV стагоддзя; пры гэтым ёсць падставы меркаваць, што крэпасць пачалі ўзводзіць яшчэ ў канцы ХІІІ стагоддзя. Гэта быў першы ў Беларусі замак цалкам пабудаваны з каменю. Таўшчыня сцен склала 2,5 метра, а вышыня – 12-13 метраў. Замак меў дзве вежы, якія знаходзіліся па дыяганалі. Малая вежа выконвала выключна абарончыя функцыі. Вялікая (Княская) вежа выступала за перыметр сцен і дасягала ў вышыню каля 20 метраў. У гэтай вежы два паверхі займалі пакоі, а трэці паверх быў прызначаны для ваенных патрэб. У сутарэннях знаходзілася вязніца.

У сценах Крэўскага замка адбылося некалькі важных гістарычных падзей. У 1382 годзе тут быў забіты вялікі князь Кейстут, але яго сыну Вітаўту ўдалося выратавацца. У 1385 годзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім была падпісана Крэўская ўнія. У XVI стагоддзі замак неаднаразова вытрымліваў асады татарскага і маскоўскага войскаў.

Да пачатку ХІХ стагоддзя замак згубіў сваё абарончае значэнне і быў закінуты. Падчас Першай сусветнай вайны ён быў моцна разбураны. Крэпасць занялі нямецкія войскі, якія апошні раз выкарыстоўвалі яе як абарончае збудаванне. Каб выгнаць праціўніка, расійская армія сабрала пад сценамі Крэўскага замка каля 800 гармат. У выніку артылерыйскага абстрэлу былі разбураны Княская вежа і сцены фартэцыі. У 1929 годзе, падчас знаходжання Крэва ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, была праведзена кансервацыя руін.

Да нашага часу ад замка засталіся толькі руіны. Па перыметры знаходзяцца ацалелыя сцены. Захаваліся некаторыя фрагменты вежаў і фундамент крэпасці, які сыходзіць углыб на 4 метры.

Найлепшы від на руіны адкрываецца з Юр’евай гары, на якой некалі было старажытнае паганскае капішча. Тут знаходзіцца адзін з чатырох камянёў-абярэгаў, якія стаялі на ўездзе ў Крэва, каб абараніць паселішча ад няшчасця.

З 2017 года вядуцца працы па аднаўленні Крэўскага замка. У 2012 годзе былі завершаны працы па кансервацыі паўночна-ўсходняй сцяны, у тым ліку адноўлена частка, якая прылягае да Княскай вежы, пастаўлена брама. Гэта дазволіла адкрыць унікальны гістарычны аб’ект для турыстаў.

Дата публікацыі: 15.07.2024.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць