Агульныя звесткі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Крэва – невялікі населены пункт у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.

Крэва – невялікі населены пункт, які мае старажытную гісторыю. Назва гэтага паселішча пайшла або ад назвы ракі (Krevė, Крэўлянка), або ўтварылася ад назвы племянной супольнасці крывічоў.

Першая пісьмовая згадка пра Крэва змяшчаюцца ў нямецкай хроніцы і датуюцца XIII стагоддзем. У 1260-я гады гэта паселішча знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У XIV стагоддзі Крэва стала сталіцай Крэўскага княства і тут быў пабудаваны мураваны замак. У 1338 годзе вялікі князь Гедзімін перадаў Крэва свайму сыну Альгерду, потым ім валодаў Ягайла. У 1382 годзе на загад Ягайлы ў Крэўскім замку быў забіты вялікі князь Кейстут.

Найбольшую вядомасць Крэву прынесла падпісанне 14 жніўня 1385 года Крэўскай уніі – пагаднення аб дынастычным саюзе паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства. З сярэдзіны XV да першай паловы XVI стагоддзя Крэва было цэнтрам павета. 7 красавіка 1559 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст даў Крэву Магдэбургскае права.

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654 – 1667 гады) Крэва двойчы было спустошана (у 1655 і 1659 гадах). Пасля заканчэння вайны мястэчка аднавілася. У XVIII стагоддзі ў ім было некалькі вуліц: Зарэцкая, Пяскоўская, Татарская, Багданаўская, Барунская. Дзейнічаў рынак, 2 карчмы, 6 уніяцкіх цэркваў і 1 касцёл.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Крэва апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У XIX – пачатку ХХ стагоддзя мястэчка было адным з буйных цэнтраў вытворчасці керамікі. У канцы ХІХ стагоддзя ў Крэве было 217 двароў, 2 царквы, сінагога, вучэльня, школа, 2 крамы, рэгулярна праводзіліся 5 кірмашоў. У Першую сусветную вайну каля Крэва праходзіла лінія фронту. У выніку 21 ліпеня 1917 года ў ходзе артылерыйскіх баёў былі разбураны муры старажытнага замка і касцёла.

У 1920 годзе Крэва на кароткі тэрмін апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а ў 1922 годзе – у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай. У 1939 годзе, з пачаткам Другой сусветнай вайны, Крэва ўвайшло ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна.

Дата публікацыі: 15.07.2024.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць