Касцёл Святога апостала Андрэя


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Касцёл святога апостала Андрэя – помнік архітэктуры позняга барока і ракако. Знаходзіцца ў зарэчнай, усходняй частцы горада на плошчы Льва Сапегі. Касцёл з'яўляецца неад'емнай часткай панарамы горада.

Касцёл Святога апостала Андрэя быў пабудаваны ў Слоніме на даручэнне вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча ў 1490 годзе. Першапачаткова храм быў драўляны. У канцы XVI стагоддзя з ініцыятывы славутага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі касцёл адрэстаўравалі. Леў Сапега падараваў парафіі землі, на якіх быў пабудаваны шпіталь, школа і капліца з могілкамі. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гадоў драўляны касцёл згарэў. У 1775 годзе з ініцыятывы і за сродкі ксяндза-каноніка Францішка Анцуты і віленскага біскупа Гедройца, на месцы драўлянага быў пабудаваны мураваны касцёл Святога апостала Андрэя. На пачатку XX стагоддзя ў касцёле былі адрэстаўраваны фрэскі, пакладзены новы тэракотавы паркет, усталяваны прывезены з Варшавы арган. Пасля Другой сусветнай вайны ў рэчышчы савецкай антырэлігійнай палітыкі каталіцкі храм быў закрыты для вернікаў, а будынак пачаў выкарыстоўвацца пад склад.

У незалежнай Беларусі пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё – і касцёл Святога апостала Андрэя быў перададзены вернікам. Паўторна ён быў асвячоны ў 1993 годзе, пасля правядзення рэстаўрацыйных прац.

Касцёл Святога апостала Андрэя багаты дэкаратыўным аздабленнем і пластыкай фасада. Асноўныя элементы дэкору сканцэнтраваны на галоўным фасадзе. Архітэктурнае аблічча інтэр'еру выкананае ў стылі ракако. Архітэктурны комплекс дапаўняюць таксама вароты-брама і аднапавярховы кляштарны корпус.

Дата публікацыі: 16.05.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць