Сядзіба Пуслоўскіх “Альбярцін” у Слоніме з'яўляецца помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры. Сядзіба пабудавана ў першай палове XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму.
Вядомы беларускі прадпрымальнік Войцэх Пуслоўскі – гаспадар сядзібы Юрзнікі, меў трох сыноў: Альберта, Магдаліна і Ціта. Аднак улюбёнцам быў менавіта Альберт. Пасля яго трагічнай і незразумелай смерці (па адной версіі, ён выпадкова патануў у возеры разам са сваёй дачкой, па іншай – падчас паўстання хацеў схавацца за возерам і там загінуў), сядзіба і возера былі названыя ў яго гонар.
У 1870-я гады род Пуслоўскіх трапіў у няласку да расійскай улады, таму сядзіба была перайменавана ў гонар Аляксандра ІІ, і стала Александрынскам. Толькі ў 1920-я гады сядзібе вярнулі назву “Альбярцін”.
Сядзіба “Альбярцін” і прылеглы да яе парк захаваліся ў даволі добрым стане. Першапачаткова сядзібны комплекс складаўся з трох будынкаў: зімовага палаца, святочнага палаца і летняга палаца. Акрамя гэтага, на яго тэрыторыі знаходзіліся дапаможныя памяшканні, дзе жыла прыслуга, стаялі вяндлярні, маслабойня і іншыя гаспадарчыя збудаванні.
Зімовы палац захаваўся да нашых дзён у практычна не змененым выглядзе. Сёння ў ім размяшчаецца спартыўны клуб папяровай фабрыкі “Альбярцін”.
Святочны палац таксама захаваўся з мінімальнай перабудовай (напрыклад, была зменена форма вокнаў). У гэтым палацы графы Пуслоўскія прымалі гасцей, ладзілі балі. Спецыяльна для гэтых мэт на першым паверсе размяшчалася прасторная зала. Аздобай палаца з'яўляюцца скульптуры ільвоў на ўваходзе. Гэты палац ацалеў дзякуючы таму, што ў савецкія часы ў ім размяшчалася бальніца. Цяпер у будынку знаходзіцца Дом культуры, моладзевы цэнтр і гарадская бібліятэка.
Летні палац не захаваўся, аднак у 2005 годзе на яго падмурку быў узведзены моладзевы цэнтр з гатэлем. Пры аднаўленні будынка выкарыстоўваліся рысункі летняга палаца, таму адноўлены будынак знешне выглядае дакладна так, як выглядаў палац. На першым паверсе будынка сёння размяшчаецца кавярня і бар, на другім – гатэль.
Дата публікацыі: 16.05.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму