Школьны музей акадэміка Васіля Купрэвіча


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Акадэмік, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР Васіль Купрэвіч пачаў сваю навукова-даследчую дзейнасць у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Менавіта тут ён быў настаўнікам у мясцовай школе.

Васіль Купрэвіч – знакаміты беларускі батанік, нарадзіўся ў 1897 годзе ў сялянскай сям'і, скончыў сельскую школу, а ў 1913 годзе Смаленскае сельскагаспадарчае вучылішча. Улетку 1918 года вярнуўся са службы ў арміі на радзіму. У 1931 годзе скончыў Інстытут павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве. У 1934 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў лістападзе 1941 года ў Ленінградзе доктарскую. У 1934–1938 гадах працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута біялагічных навук Акадэміі навук БССР, у 1938–1949 гадах быў загадчыкам лабараторыі ў той жа ўстанове. З 1949 года ўзначальваў Батанічны інстытут Акадэміі навук СССР. З 5 студзеня 1952 года па 17 сакавіка 1969 года знаходзіўся на пасадзе прэзідэнт Акадэміі навук БССР.

Васіль Феафілавіч Купрэвіч пачаў сваю навукова-даследчую дзейнасць у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, будучы настаўнікам Смалявіцкай школы-сямігодкі. Менавіта таму 18 чэрвеня 1969 года сярэдняй школе нумар 1 горада Смалявічы было нададзена імя Васіля Феафілавіча Купрэвіча. З 1987 года ў школе функцыянуе мемарыяльны музей яго памяці. У музеі можна пабачыць кнігі “Брат Аўроры” Макса Зінгера і “Маанзунд” Валянціна Пікуля, у якіх ёсць згадка пра матроса Балтыйскага флоту, будучага прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Захаваліся часопісы 1920-х гадоў – “Асвета”, “Наш край” і іншыя – з першымі артыкуламі настаўніка-энтузіяста. Ёсць у музеі асабістыя рэчы вучонага: акуляры, друкарка, выцяжка і шафа-каталог з тысячамі картак аб прыродзе вірусаў, напісаных яго рукой.

Дата публікацыі: 21.04.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць