Свята-Ільінская царква – дзейная стараверская царква, помнік беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVIII стагоддзя.
Свята-Ільінская царква знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Камісарава і Ільінскага спуску, на беразе Сожа. Яна была пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя і асвячоная ў 1794 годзе. Пры храме існаваў стараверскі Спаскі манастыр. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў манастыры жылі 23 манашкі. Храм і манастыр знаходзіліся ва ўладаннях князёў Чартарыйскіх. Спробы закрыць царкву прадпрымалі расійскія ўлады ў ХІХ і савецкія ўлады ў ХХ стагоддзі. У 1937 годзе царкву закрылі, а храм перадалі трыкатажнай фабрыцы. Адкрылі ж у 1941 годзе, з пачаткам нацысцкай акупацыі. У пасляваенныя часы храм працягваў функцыянаваць.
Трохчасткавая кампазіцыя храма складаецца з квадратных зрубаў бабінца, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай. На галоўным фасадзе ўзвышаецца двух'ярусная вежа-званіца, накрытая паўсферычным купалам. Цэнтральны высокі зруб завершаны двух'ярусным светлавым васьмерыкам з гранёным купальным пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Дата публікацыі: 05.01.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму