Зімовы сад


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/11b20ecc-9d61-43b8-a66e-e871e5ff0349.mp3

Зімовы сад — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, уваходзіць у склад Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў.

Будынак Зімовага саду ў Гомелі быў узведзены ў першай палове ХІХ стагоддзя. Першапачаткова ён быў прыстасаваны як будынак для цукровага завода. Пасля пажару 1850-х гадоў завод спыніў сваю дзейнасць. Аднак у 1877 годзе князь Паскевіч пачаў рэстаўрацыю памяшкання і пераўтварыў яго ў аранжарэю. Узімку аранжарэю князёў Паскевічаў абагравалі дзве печы, якія знаходзіліся ў падвале. Знутры сцены Зімовага саду выкладзеныя прыроднымі мінераламі, а расліны, якія іх пакрываюць, утвараюць жывы зялёны дыван. У 1888 годзе Паскевіч пасадзіў рэдкі від пальмы хамеропс, якая расце ў Зімовым садзе да гэтага часу.

Цяпер калекцыя саду налічвае 18 відаў субтрапічных раслін: магнолія, пальма хамеропс, эонімус, кававае дрэва, інжыр, лаўр высакародны, язмін гімалайскі, юстыцыя і іншыя. Акрамя раслін, у Зімовым садзе сёння ёсць калекцыя рэдкіх рыб, чарапах, трусоў і марскіх свінак.

Будынак Зімовага саду складаецца з некалькіх прамавугольных у плане аб'ёмаў. Накрыты двухсхільнымі дахамі, сцены атынкаваныя і афарбаваныя. Вуглы будынка акцэнтаваны раскрапаванымі лапаткамі. Гарызантальна фасад падзелены цягай, завершаны карнізам. Ніжэйшы аб'ём будынка дэкараваны контрфорсамі з дэкаратыўным завяршэннем.

Дата публікацыі: 11.11.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць