Музей гісторыі пажарнай службы


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/78b02cd2-619e-4917-871d-e06a3942a408.mp3

Музей гісторыі пажарнай службы знаходзіцца ў адным з будынкаў былога пажарнага дэпо, рэканструяванага на пачатку ХХІ стагоддзя.

У пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі. Выбранае тады месца размяшчэння пажарнага абозу, паміж найбольш развітымі і добраўпарадкаванымі галоўнымі вуліцамі горада, было самым аптымальным з пункту гледжання зручнасці выезду і скарачэння часу даступнасці для тушэння пажараў у цэнтры горада.

У 1961 годзе ў глыбіні двара для пажарнага дэпо пабудавалі двухпавярховы будынак № 6 з падвалам, разлічаным на 3 машыны. Да 2007 года яго выкарыстоўвалі па прамым прызначэнні, на першым паверсе размяшчалася пажарнае дэпо, на другім — службовыя і адміністрацыйныя памяшканні.

У аднапавярховым будынку № 6 корпус 1, які выходзіць фасадам на завулак, у савецкі перыяд размяшчаліся службова-адміністрацыйныя памяшканні пажарнай часці і клуб са сцэнай для пажарнікаў. З 25 ліпеня 2014 года будынак адкрыты для наведвальнікаў як Музей гісторыі пажарнай службы Магілёўскай вобласці. На плошчы 250 квадратных метраў размясціліся звыш 200 экспанатаў, большасць з якіх — сучасныя копіі. Сярод унікальных рэчаў — поршневая помпа сярэдзіны XIX стагоддзя, якая падавала струмень вады на адлегласць да 12 метраў. Тут жа прадстаўлена форма пажарных, гістарычныя фатаграфіі і дакументы, розныя мадэлі пажарнай тэхнікі. Плануецца стварэнне дыярамы магутнага пажару 1910 года ў раёне Лупалава, у якім загінула больш за 20 чалавек, сярод іх былі і пажарныя. Тады згарэла больш за 600 дамоў.

Двухпавярховы будынак № 6Б, які выходзіць тарцом на завулак, узведзены ў XIX стагоддзі і хутчэй за ўсё з'яўляецца першым пажарным дэпо. Пасля завяршэння яго рэканструкцыі з 2014 года тут знаходзіцца рэстаран “101” з інтэр'ерам у пажараахоўным стылі.

Дата публікацыі: 30.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць