Стадыён “Спартак”


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/18b24e98-c53f-43bf-9715-6bd0fda9ec78.mp3

Шматфункцыянальны стадыён “Спартак” з’яўляецца хатняй арэнай для магілёўскага футбольнага клуба “Дняпро”. Змяшчальнасць стадыёна складае 7 350 месцаў.

У 1951 годзе ў цэнтры Магілёва вылучылі пляцоўку для будаўніцтва спартыўнага аб’екта. У канцы 1954 года на гэтым месцы пачалі будаваць стадыён “Спартак”. А ўжо ў траўні 1956 года новы спартыўны аб’ект увялі ў эксплуатацыю. З 1960 года ён стаў хатняй арэнай магілёўскай футбольнай каманды “Хімік” (цяпер “Дняпро”). У 1967 годзе стадыён абсталявалі жалезабетоннай трыбунай на 5 000 чалавек. На пачатку 1980-х гадоў у структуры стадыёна з’явіліся апранальні для футбалістаў, прэс-цэнтр і табло. Колькасць месцаў для гледачоў павялічылася да 12 000. З 1992 года стадыён “Спартак” стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе.

 У 1999–2000 гадах праходзіў першы этап рэканструкцыі спартыўнай арэны, падчас якой правялі капітальны рамонт усіх трыбун, апранальняў, прэс-цэнтра і медпункта. Таксама адрамантавалі спартыўную залу і лёгкаатлетычны манеж. На трыбунах усталявалі пластыкавыя сядзенні, у выніку чаго змяшчальнасць стадыёна скарацілася да 7 350 месцаў.

Другі этап рэканструкцыі праходзіў у 2008–2009 гадах. За гэты час на футбольным полі ўклалі новы газон, усталявалі падагрэў і новую дрэнажную сістэму, перарабілі сістэму арашэння. Абсталявалі сектары для скачкоў у даўжыню і для штурхання ядра. На паўднёвай трыбуне ўсталявалі сучаснае электроннае табло, а над заходняй трыбунай узвялі дах.

Дата публікацыі: 23.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць