Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/f3d8f6aa-4130-4f2c-9c74-dceb2d66db1f.mp3

Магілёўскі абласны мастацкі музей быў заснаваны 19 лістапада 1990 года. Ён размяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя і спалучае архітэктурныя стылі мадэрн, псеўдарускі і позні класіцызм.

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі 28 чэрвеня 1994 года адкрылася першая ў Рэспубліцы Беларусь аўтарская карцінная галерэя. Галерэя Паўла Масленікава – народнага мастака Беларусі, ураджэнца Магілёўшчыны. 22 студзеня 1996 года музею далі імя Паўла Васільевіча Масленікава. Сёння ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі 4 пастаянныя экспазіцыі: “Карцінная галерэя народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава”, “Захаваная спадчына”, “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны ХХ стагоддзя” і “Тайна Крыжа”. Штомесяц музей праводзіць часовыя выставачныя праекты. Тут захоўваецца больш за 5 300 прадметаў асноўнага фонду і каля 1 500 – дапаможнага. Калекцыі пастаянна папаўняюцца.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава знаходзіцца па адрасе вуліца Міронава, 33. Будынак, дзе месцяцца музейныя экспазіцыі, быў узведзены ў 1914 годзе для патрэб Сялянскага пазямельнага банка, які дзейнічаў да ўсталявання савецкай улады. Пасля 1918 года тут быў фінансавы аддзел губернскага выканаўчага камітэта. У траўні 1919 года будынак перадалі аддзелу народнай адукацыі, і ў ім да траўня 1932 года знаходзіўся Магілёўскі дзяржаўны гістарычны музей, а потым – Магілёўскі абласны камітэт камуністычнай партыі і партыйны архіў. Адначасова працягвала дзейнічаць спецыяльнае сховішча для гісторыка-культурных каштоўнасцяў – браніраваны пакой-сейф, у якім да сярэдзіны 1941 года захоўваліся ўнікальныя артэфакты, у тым ліку страчаны ў час вайны крыж Ефрасінні Полацкай. Пасля вызвалення Магілёва ад нацыстаў у 1944 годзе ў гістарычным будынку размясцілі мясцовыя органы камуністычнай партыі. А з 1970 года да 1991 тут знаходзілася рэдакцыя газеты “Магілёўская праўда”.

Сёння ў Магілёўскага абласнога мастацкага музея ёсць філіял – Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў горадзе Бялынічы.

Дата публікацыі: 15.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць