Плошча Славы


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/176d080a-325c-45e0-be0a-6421b56588ac.mp3

Плошча Славы — адна з галоўных плошчаў горада, яго гістарычны грамадска-адміністрацыйны цэнтр. Уяўляе сабой архітэктурны ансамбль XVIII — канца XIX стагоддзя.

Плошча, якая сфарміравалася на пачатку XVI стагоддзя паміж замкам і гандлёва-рамесным Нагорскім пасадам, мела назву Гандлёвай. З другой паловы XVII стагоддзя ў цэнтры Гандлёвай плошчы пабудавалі мураваную ратушу. Гандлёвая плошча займала тэрыторыю больш за 2 гектары. На ёй размяшчаліся 26 гандлёвых шэрагаў. Ад плошчы радыяльна ішлі дзве галоўныя вуліцы: Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (цяпер Ленінская), яны разам з іншымі вуліцамі фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада.

З 1772 года ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Магілёў быў уключаны ў склад Расійскай Імперыі і Гандлёвая плошча атрымала назву Губернатарскай. Яе пачалі перабудоўваць паводле праектаў расійскіх архітэктараў Мікалая Львова і Васіля Стасава. На плошчы сфарміраваўся новы мураваны ансамбль грамадскіх будынкаў. Ва ўсходняй частцы ўзвялі дом губернатара і будынак губернскага праўлення, аб’яднаныя манументальнай брамай. У заходняй частцы — будынкі розных губернскіх адміністрацыйных устаноў. У паўднёвай частцы на месцы старажытнага замка разбілі гарадскі сквер, які канчаткова сфарміраваўся ў канцы XIX стагоддзя. У другой палове XIX стагоддзя побач з ратушай пабудавалі будынак гарадской управы.

У гады Другой сусветнай вайны ансамбль плошчы быў разбураны. Паводле першага пасляваеннага праекта рэканструкцыі плошчы яе ўключылі ў зону адпачынку, тут спынілі транспартны рух.

У ліпені 1957 года ратушу ўзарвалі. А ў 1982 годзе ў цэнтры плошчы ўзвялі мемарыяльны комплекс "Змагарам за савецкую ўладу".

У ліпені 2014 года плошча атрымала сучасную назву — "Плошча Славы" (у савецкія часы яе звалі Савецкай).

Сучаснае аблічча плошчы склалася ў пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя. З поўдня і захаду да плошчы прылягае Замкавы сквер. З паўночнага ўсходу на плошчы размешчаны 5-павярховыя жылыя дамы. Таксама захаваліся помнікі архітэктуры XVIII — другой паловы XIX стагоддзя: гэта будынак былога акруговага суда, дзе цяпер знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей і будынак былой гарадской управы. На паўночным баку плошчы ўзвышаецца адноўленая ў 2008 годзе гарадская ратуша.

Дата публікацыі: 01.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць