Свята-Дабравешчанская царква


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Свята-Дабравешчанская царква вядома з XVIII стагоддзя. За час свайго існавання храм неаднойчы згараў і кожны раз адбудоўваўся. Апошні пажар здарыўся ў 2005 годзе, але ў 2011 годзе царква зноў адчыніла дзверы для вернікаў.

Першыя ўспаміны пра храм у мястэчку Клічаў адносяцца да XVIII стагоддзя, аднак дакладная дата яго заснавання невядомая. У 1839 годзе царква была адрамантавана на ахвяраванні прыхаджан.

Драўляны храм быў творам народнага дойлідства і ўяўляў сабой прамавугольны ў плане зруб з трыма купаламі над гонтавым дахам. Унутры апсіду вылучаў двух'ярусны цёмна-блакітнай афарбоўкі іканастас на 10 абразоў. Званіца стаяла асобна сярод драўлянай агароджы.

Да 1870 года драўляны храм зноў прыйшоў у заняпад, а званіца пагражала абрынуцца. У 1874 годзе быў складзены каштарыс на новую царкву, аднак збор ахвяраванняў зацягнуўся, а ўрад не хацеў выдаткоўваць грошы да таго часу, пакуль прыхаджане не сабралі палову ад неабходнай сумы. У выніку толькі праз 20 гадоў удалося пабудаваць новую царкву, якая была асвечана ў 1894 годзе.

У савецкі час храм, верагодна, быў знішчаны ў 1938 годзе ў выніку антырэлігійнай палітыкі ўлады.

Новая царква была пабудавана ў Клічаве ў 1996 годзе. У тым жа годзе новы храм быў асвечаны ў гонар свята Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Аднак 5 сакавіка 2004 года царква згарэла. Толькі 7 красавіка 2009 года на свята Дабравешчання пачалося будаўніцтва новага храма. 21 чэрвеня 2011 года адбылося асвячэнне мураванага Свята-Дабравешчанскага храма.

Дата публікацыі: 17.05.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць