Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі, пабудаваны ў стылі барока, славіцца сваёй вытанчанай прыгажосцю.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваны ў 1774 годзе. Фундатарам быў гаспадар мястэчка, падканцлер літоўскі, граф Антоній Пшаздзецкі. Хто быў аўтарам праекта - дакладна невядома. Існуюць дзве версіі: хутчэй за ўсё яго мог узвесці Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасці, узвёў для Пшаздзецкага палац. З іншага боку, аўтарам праекта касцёла мог быць таксама іншы італьянскі дойлід — Паола Фантана.
Познебарочны храм вырашаны ў форме аднанефнага збудавання з паўкруглай апсідай і дзвюма сакрыстыямі. У выніку перабудовы пад праваслаўную царкву ў ХІХ стагоддзі хвалепадобны барочны шчыт замянілі на невысокую вежу-званіцу, а над асноўным аб’ёмам узвялі вялікі сферычны купал. Вельмі цікавае вонкавае вырашэнне храма: галоўны і бакавыя фасады падзелены гарызантальным поясам на два паверхі. Сцены храма дасягаюць таўшчыні 2 метраў, таму ўнутраны аб’ём вельмі невялікі. Пад храмам размяшчаюцца скляпенні, у якіх з 1860 па 1870 год стварылі крыпту.
З 1850 года Заслаўе перайшло да Прушынскіх. Але яны за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў былі пазбаўленыя маёмасці. Пасля паўстання расійскія ўлады ператварылі касцёл у праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. Гэты праваслаўны храм дзейнічаў да 1941 года. Падчас Другой сусветнай вайны будынак царквы Раства Багародзіцы моцна пацярпеў. У пасляваенныя гады храм закрылі. Толькі ў 1988 годзе пачалася рэстаўрацыя. Пасля яе храм вярнулі каталікам.
Дата публікацыі: 05.03.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму