Адзін з самых старадаўніх касцёлаў Вялікага Княства Літоўскага. Месца шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай і хрышчэння Адама Міцкевіча.
Ля падножжа Замкавай гары ўзвышаецца Навагрудскі фарны касцёл. Гэты храм быў закладзены вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1395 годзе. За сваю гісторыю касцёл стаў сведкам шматлікіх гістарычных падзей. Аддаючы даніну статусу Навагрудка як першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, кароль Польшчы, Ягайла, менавіта тут браў шлюб з маладой беларускай арыстакраткай Соф'яй Гальшанскай. Іх дзеці працягнулі дынастыю Ягайлавічаў.
У храме знаходзіцца мемарыяльная дошка. Яна апавядае пра гераічныя падзеі бітвы з туркамі пры Хаціне ў 1621 годзе, дзе прымала ўдзел і навагрудская харугва. Мемарыяльную дошку ў памяць пра сваіх загіблых сяброў усталяваў тагачасны кашталян горада – Ян Рудаміна-Дусяцкі.
У гатычным стылі касцёл праіснаваў да пачатку XVIII стагоддзя. У 1712–1740 гадах ён быў перабудаваны ў раннебарочным стылі. У 1799 годзе ў абноўленым будынку касцёла быў ахрышчаны будучы знакаміты паэт Адам Міцкевіч.
У другой палове XIX стагоддзя па распараджэнні расійскай адміністрацыі касцёл быў закрыты. Гэты храм нанава асвяцілі толькі ў 1922 годзе, калі Заходняя Беларусь патрапіла ў склад Польшчы.
Другая сусветная вайна таксама пакінула свой след у гісторыі храма. У ім пахаваныя 11 сёстраў назарэтанак, закатаваных нацыстамі.
Сёння навагрудскі касцёл Перамянення Божага з'яўляецца фарным.
Дата публікацыі: 23.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму