Катэхетычны каледж


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага – гэта свецкая каталіцкая навучальная ўстанова ў горадзе Баранавічы. Каледж з'яўляецца цэнтрам парафіі Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай.

Ідэя і намаганні па арганізацыі каталіцкай навучальнай установы бяруць свой пачатак з 1990-х гадоў. Але толькі 3 кастрычніка 2009 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага. На ўрачыстай імшы кардынал Казімір Свёнтак адзначыў, што катэхетычны каледж – гэта цудоўная магчымасць не толькі пашыраць свае тэалагічныя веды, увайсці ў больш цесны кантакт з Богам, але таксама навучыцца дзяліцца гэтымі ведамі і верай з іншымі. 

Ад пачатку існавання каледжа пачалі складвацца яго шматлікія традыцыі. Так, 19 снежня 2009 года адбылося першае перадкаляднае спатканне студэнтаў і выкладчыкаў. Адбыліся тэатралізаваныя паказы біблейскіх гісторый, пасля якіх студэнты і госці каледжа сустракалі вясёлых беларускіх каляднікаў з песнямі, танцамі і гульнямі, а таксама дзяліліся аплаткамі. На гэтай сустрэчы кардынал Казімір Свёнтак паведаміў, што падчас яго візіту ў Ватыкан катэхетычны каледж быў зарэгістраваны ў Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі.

Акрамя ўрачыстасцяў, выкладчыкі і студэнты каледжа ладзяць семінары, канферэнцыі, праводзяць майстар-класы, якія прысвечаны як пытанням веры, так і складаным пытанням сучаснага жыцця. На сённяшні дзень у каледжы налічваецца каля 50 студэнтаў.

Дата публікацыі: 18.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць