Пажарнае дэпо


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Пажарнае дэпо ў Баранавічах было пабудавана ў 30-я гады ⅩⅩ стагоддзя. На сёння будынак працягвае выкарыстоўвацца па прызначэнні. У ім знаходзіцца аварыйна-выратавальная частка нумар два. 

Добраахвотнае пажарнае таварыства ў Баранавічах з'явілася ў канцы ⅩⅨ стагоддзя. Неабходны інвентар быў закуплены на ахвяраванні гараджан. У 1904 годзе пажарнымі былі арганізаваныя кругласутачныя дзяжурствы. Пажарная служба працягнула дзейнічаць у Баранавічах і ў час Першай сусветнай вайны. Германскія акупацыйныя ўлады разумелі важнасць супрацьпажарных захадаў. 

Пасля Рыжскага дагавора 1921 года Баранавічы, як і іншыя населеныя пункты Заходняй Беларусі, апынуліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. У 30-я гады ⅩⅩ стагоддзя гарадская адміністрацыя пад будынак пажарнага дэпо аддала зямельны ўчастак недалёка ад чыгуначнай станцыі. Будынак быў цагляны, на кожным з чатырох паверхаў былі вокны для назірання. На самым версе пажарнай вежы знаходзілася назіральная пляцоўка. Пад зямлёй праклалі трубы, каб забяспечыць пажарнае дэпо вадой. Па горадзе былі ўсталяваны вадакачкі і пажарныя краны. У канцы 30-х гадоў ⅩⅩ стагоддзя пажарная брыгада мела спецыяльную форму, пажарныя аўтамабілі. Пры пажарнай частцы быў арганізаваны аркестр. 

У пачатку Другой сусветнай вайны пажарная дружына не пакінула свой пост. Пажарныя змагаліся з агнём пасля бамбардзіровак. У другой палове 1944 года пажарная служба трапіла ў веданне НКУС. Добраахвотная дружына была распушчана. 

Будынак пажарнага дэпо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны быў рэканструяваны. Над асноўным будынкам знаходзіцца трохпавярховая каланча, якая на сёння выконвае дэкаратыўную функцыю. На кожнай сцяне каланчы ёсць акно для добрага агляду. 

Дата публікацыі: 18.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць